Паводле інфармацыі прэс-службы «Менскай гарадзкой жыльлёвай гаспадаркі», падача вады была перакрытая з прычыны аварыі, праблема ліквідуецца.
Вада зьнікла перад поўднем. Спачатку размова ішла пра магчымую няспраўнасьць на ЦЭЦ-4, аднак затым было высьветлена, што аварыя адбылася на цепламагістралі — яна была пашкоджана на ўчастку паміж дамамі 94 і 102 па вуліцы Лабанка.
«Гарачае водазабесьпячэньне часова адключана ў 13 дзіцячых садах, 130 жылых дамах, 3 лячэбна-прафіляктычных і мэдустановах, 25 грамадзкіх і адміністрацыйных будынках, 8 школах на вул. Бурдзейнага, Прытыцкага, Цімашэнкі, Адзінцова і Якубоўскага. Акрамя таго, гарачай вады няма таксама ў дзіцячых садах, школах, жылых дамах і грамадзкіх будынках на вул. Скрыпнікава, Мазурава, Лабанка, Шамякіна, Панчанкі, Сухараўскай, Акадэміка Фёдарава, Шаранговіча, Люцынскай, Калесьнікава, Налібоцкай, Каменнагорскай, Лідзкай, Нёманскай, Жыновіча, Гаруна, Казіміраўскай, Ляшчынскага, Матусевіча, Прытыцкага, Кунцаўшчыне», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні Менскай гарадзкой жыльлёвай гаспадаркі.
Зараз няспраўнасьць на цепламагістралі лякалізаваная, вядуцца работы для яе ліквідацыі. Спэцыялісты займаюцца перападключэньнем лініі ад ЦЭЦ-4 на кацельню «Заходняя», плянуецца, што гэта ўдасца завяршыць да 17 гадзін, тады гарачая вада зноў зьявіцца ў жыхароў раёну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маразы прынесьлі пажары. Гатава мерзьне