Былы афіцэр ФСБ заявіў, што забойства Паўла Шарамета ў Кіеве арганізавалі расейскія спэцслужбы

Павал Шарамет

Былы афіцэр ФСБ Расеі Аляксандр Лісянкоў, які пакінуў тэрыторыю РФ і зьвярнуўся па прытулак у Эўропе, заявіў, што забойства ў Кіеве беларускага журналіста Паўла Шарамета 6 гадоў таму — адна з апэрацыяў расейскіх спэцслужбаў.

Пра гэта паведамляе «Зеркало» са спасылкай на інтэрвію Лісянкова YouТube-каналу «Гулагу.нет».

— Я не лічу, я ўпэўнены ў гэтым. Таму што сорамна сумнявацца, калі дакладна ведаеш, — заявіў Лісянкоў ў адказ на пытаньне, ці лічыць ён забойства Шарамета справай рук ФСБ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шэсьць гадоў бяз Паўла Шарамета. Ці наблізілася сьледзтва да раскрыцьця ягонага забойства

Паводле яго слоў, украінскім уладам і спэцслужбам Шарамет ніяк не перашкаджаў і ня меў ва Украіне ворагаў «нават на бытавым узроўні».

— Але для Масквы, для ФСБ гэта быў асабісты вораг, улічваючы, якія перадачы ён здымаў — зь Нямцовым і іншымі. Гэта быў інтэлектуал, які падаваў інфармацыю так, як яна ёсьць. Ён мог уплываць на вялікія масы людзей, даносячы ім праўду, — сказаў Лісянкоў.

Лісянкоў таксама падкрэсьліў, што ФСБ датычная да ўсіх тэрактаў на тэрыторыі Ўкраіны за апошнія восем гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За мяжой „беглыя“ не схаваюцца». Як дыктатары помсьцяць тым, хто пасьпеў уцячы ад палітычных рэпрэсій