Былы апэрацыйны дырэктар нямецкай кампаніі Wirecard Ян Марсалек (Маршалек), які ўцёк у 2020 годзе за мяжу праз пагрозу арышту, атрымаў у 2021 годзе расейскі пашпарт на падстаўное імя і, гледзячы па ўсім, цяпер жыве ў Расеі пад дзяржаўнай абаронай, атрыманай ад ФСБ.
Гэта сьцьвярджаецца ў расьсьледаваньні цэнтру «Досье» і нямецкай газэты Süddeutsche Zeitung.
Раней стала вядома, што Марсалек кантактаваў з супрацоўнікамі ГРУ, а пасьля ўцёкаў знаходзіўся ў Менску. Таксама былі здагадкі, што ён хаваецца ў Расеі. Цяпер расьсьледавальнікі сьцьвярджаюць, што ў іх ёсьць доказы гэтага.
Аўтары матэрыялу расказваюць гісторыю ўцёкаў Марсалека і атрыманьня ім расейскага грамадзянства. Сьцьвярджаецца, што ўцёкі ў Аўстрыі арганізавалі экс-дэпутат парлямэнту ад ультраправай Аўстрыйскай партыі свабоды Томас Шэленбахер і былыя высокапастаўленыя супрацоўнікі аўстрыйскай выведкі. У апэрацыі нібыта ўдзельнічалі і расейскія спэцслужбы — менавіта яны ладзілі яго сустрэчу ў Менску, куды ён прыбыў замест сталіцы Філіпінаў Манілы, дзе павінен быў разьбірацца зь нястачай амаль 2 мільярдаў эўра на балянсе Wirecard.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Insider, Bellingcat: злачынца, якога найбольш шукаюць у сьвеце, хаваецца ў БеларусіСьцьвярджаецца, што беларускую мяжу ён перасек па сваім пашпарце, аднак у Менску атрымаў падроблены аўстрыйскі пашпарт на імя Макса Маера. Сьцьвярджаецца, што яго вырабілі расейскія спэцслужбы. Да гатэля ў Менску яго везла машына з нумарамі беларускага КДБ. Зь Менску ён адправіўся ў Маскву, дзе ў 2021 годзе — як Макс Маер — атрымаў расейскі пашпарт на імя Германа Бажэнава.
Дзьве крыніцы «Досье» ў расейскіх спэцслужбах пацьвердзілі, што Марсалеку выдалі расейскі пашпарт. Пры гэтым, як гаворыцца ў расьсьледаваньні, нумар пашпарта супадае з пратэрмінаваным дакумэнтам экс-дэпутаткі Дзярждумы Расеі Дарʼі Міцінай — то бок фармальна гэты пашпарт можа быць несапраўдным. Крыніцы «Досье» не выключаюць, што ў Марсалека ёсьць і іншы расейскі пашпарт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі не пацьвердзілі інфармацыі нямецкай пракуратуры аб знаходжаньні ў краіне зьбеглага топ-мэнэджара Wirecard- Марсалека падазраюць у Нямеччыне ў крадзяжы грошай на суму каля 2 мільярдаў эўра. Раней цэнтар «Досье» публікаваў расьсьледаваньне аб яго магчымым супрацоўніцтве з расейскімі спэцслужбамі. У прыватнасьці, сьцьвярджалася, што ён мог дапамагаць перавозіць буйныя сумы наяўных грошай, у тым ліку для адмываньня сродкаў і фінансаваньня ляяльных Крамлю заходніх палітыкаў.
- Кампанія Wirecard, якая валодала аднайменнай плацёжнай сыстэмай, працавала з кліентамі і транзакцыямі, якія для іншых апэрацыйных сыстэмаў лічыліся занадта рызыкоўнымі. Паводле зьвестак заходніх СМІ, гэта прыцягвала прадстаўнікоў «ценевай эканомікі» і спэцслужбаў некалькіх краінаў сьвету, у тым ліку Расеі, якія займаліся праз Wirecard адмываньнем грашовых сродкаў.
- Улетку 2020 году Wirecard падала заяву аб банкруцтве. Аўдытарская праверка выявіла, што з рахункаў кампаніі зьніклі каля двух мільярдаў эўра. Кіраўнік Wirecard Маркус Браўн быў арыштаваны. Яшчэ адзін падазраваны ў крадзяжы сродкаў, апэрацыйны дырэктар кампаніі 40-гадовы грамадзянін Аўстрыі Ян Марсалек, уцёк.