Расьсьледаваньне: грамадзян Кіргізстану вэрбуюць на вайну ва Ўкраіне

Архіўнае фота. Акцыя каля пасольства Расеі ў Кіеве

Грамадзян Кіргізстану, як і іншых краін Цэнтральнай Азіі, прыцягваюць для ўдзелу ў вайне ва Ўкраіне на баку Расеі.

Расьсьледаваньне пра гэта апублікавала на сваім YouTube-канале рэдакцыя грамадзкага фонду «МедиаХаб» пад кіраўніцтвам журналіста Алі Тактакунова. Пра яго расказвае кіргіская служба Радыё Свабода — Радыё Азаттык.

Як сьцьвярджаецца, у сацыяльных сетках сталі зьяўляцца аб’явы аб вэбаваньні жыхароў краін Цэнтральнай Азіі, у прыватнасьці Кіргізстану і Ўзбэкістану, у расейскую прыватную ваенную кампанію «Вагнэр» пад выглядам набору работнікаў у прыватныя ахоўныя прадпрыемствы ў рэгіёнах Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Human Rights Watch: на поўдні Ўкраіны расейцы затрымліваюць, выкрадаюць, катуюць актывістаў і ваеннапалонных

У аб’явах сказана, што іх аўтарам патрэбная «ахова прамысловых аб’ектаў у аддаленых рэгіёнах Расеі». Пры гэтым, калі журналісты зьвязаліся з працадаўцамі, ім была прапанаваная іншая праца — «выкананьне задач у зоне спэцапэрацыі» ва Ўкраіне з узнагародай у 240 тысяч рублёў. Пры гэтым гаварылася, што арганізацыя, якае наймае, працуе ў інтарэсах Міністэрства абароны Расеі, а «ніякіх кампэнсацый у выпадку калецтва не прадугледжана».

Ахвочым прапаноўвалася прыехаць на працу на хутар Молькіна Краснадарскага краю. Раней у журналісцкіх расьсьледаваньнях было высьветлена, што там разьмешчана база ПВК «Вагнэр». Тэлефонны нумар, зь якога высылалася апісаньне вакансіі і ўмовы, таксама, як сьцьвярджаюць журналісты, маюць дачыненьне да ПВК.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сацыялягічная група «Рейтинг»: расейскую мову штодзённа цяпер выкарыстоўваюць 18% украінцаў, да поўнамаштабнай вайны такіх было 26%

Удзел грамадзян Кіргізстану ва ўзброеных канфліктах у іншых краінах лічыцца ў краіне крымінальным злачынствам.

Раней ВВС са спасылкай на наймітаў і паблікі, дзе раней вялося вэрбаваньне, паведамляла, што ПВК «Вагнэр» вядзе набор наймітаў на вайну ва Ўкраіне. Пры гэтым расейскія ўлады афіцыйна не прызнаюць існаваньне гэтай арганізацыі, хаця пра яе і яе байцоў актыўна пішуць пракрамлёўскія СМІ і тэлеграм-каналы.

Як піша Радыё Азаттык, вядома, што ня менш як два грамадзяніны Кіргізстану загінулі ва Ўкраіне. Руслан Полатаў і Аманбек Курбанбаеў ваявалі на баку расейскіх войскаў, але якім чынам яны туды трапілі і хто іх наймаў, невядома.

У расейскіх рэгіёнах ідзе кампанія вэрбаваньня добраахвотнікаў на вайну ва Ўкраіне, аднак гаворка ідзе пра афіцыйнае заключэньне імі кантракту зь Міністэрствам абароны, і такім добраахвотнікам або іхным сем’ям абяцаная дапамога ў выпадку іх раненьня (ці гібелі).

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.