Затрымалі Эдуарда летась 18 чэрвеня. Паўгода ён знаходзіўся ў СІЗА КДБ, пасьля яго перавялі ў менскае СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага.
У інтэрвію парталу валянтэрскай групы Віктара Бабарыкі Эдуард расказаў сярод іншага пра рэчы, якія не даюць яму падаць духам, працяг самаразьвіцьця і ёгу ў турме.
«Думкі аб справядлівасьці? Шчыра кажучы, я ня вельмі люблю гэты тэрмін»
Эдуард Бабарыка падзяліўся, што за кратамі яму дапамагаюць трымацца «сэнсы, якія атрымліваецца знаходзіць у бестэрміновым зьняволеньні».
«Турма можа быць месцам, якое крадзе жыцьцё, а можа стаць унікальнай магчымасьцю для разьвіцьця сябе. Прычым у абодвух выпадках турэмная камэра будзе заставацца маленькім пустым пакоем, ізаляваным ад вонкавага сьвету. Дарэчы, гэта справядліва для любой жыцьцёвай сытуацыі: мы бачым тое, што жадаем бачыць.
Апошнія два гады сталі самым інтэнсіўным пэрыядам з пункту гледжаньня стварэньня сябе на ўсіх узроўнях: фізычным, інтэлектуальным, эмацыйным, маральным, асобасным», — расказаў Эдуард Бабарыка.
На пытаньне пра тое, якія думкі ў яго ўзьнікаюць наконт справядлівасьці таго, што адбываецца, Эдуард напісаў наступнае:
«Думкі аб справядлівасьці... Шчыра кажучы, я ня вельмі люблю гэты тэрмін. Па-першае, таму, што ён вельмі шырокі. Гэта пра справядлівы абмен „ты — мне, я — табе“? Або пра гонар і адплату „вока за вока“? Ці пра справядлівае разьмеркаваньне „мы дзялілі апэльсін“? Па-другое, справядлівасьць — гэта заўсёды пра суб’ектыўную ацэнку сытуацыі кожнага з бакоў. А гэта тоіць у сабе небясьпеку.
Прывяду просты прыклад. Адбыўся канфлікт. „Умоўная ахвяра“ заўсёды перабольшвае атрыманую шкоду, а „ўмоўны крыўдзіцель“ гэтую шкоду заўсёды прымяншае. Гэта псыхалягічны факт. Ахвяра безумоўна жадае аднавіць сваю субʼектыўную справядлівасьць, наносячы зваротны ўдар, які другім бокам будзе ўспрыняты як неадпаведны і залішні. Ахвяра і крыўдзіцель мяняюцца месцамі. Запускаецца сьпіраль гвалту, якая празь некалькі ітэрацый будзе мець катастрафічныя наступствы. Вось вам і „справядлівасьць“. Небясьпечна(...) „Дараваньне“ і прынцып „Не рабі іншаму таго, чаго ня хочаш, каб рабілі табе“ дазваляе выбудаваць больш здаровыя і стваральныя адносіны, чым сьляпое прытрымліваньне ўнутранага пачуцьця справядлівасьці».
«Кожны новы дзень зьдзіўляе новымі магчымасьцямі»
Эдуард адзначыў, што за апошнія 24 месяцы ён «прарабіў велізарны шлях ад абсалютнай пустаты да дзіўнага сусьвету, багатага магчымасьцямі».
«Гэта мноства маленькіх крокаў, якія эвалюцыйна дапаўняюць адзін аднаго. Кожны новы дзень зьдзіўляе новымі магчымасьцямі», — патлумачыў палітзьняволены.
Таксама Эдуард расказаў пра «філязофію» свайго аднаго дня ў зьняволеньні:
«„Філязофія дня“ ў камэры ці ў вялікім сьвеце нічым не адрозьніваецца. Гэта заўсёды пра выбар — паляжаць ці ўстаць, паддацца слабасьці або пераадолець сябе.
Гэта заўсёды пра ўзровень усьвядомленасьці — жыць на аўтамаце „інэртна“ або пражываць кожную сэкунду ва ўсёй яе раскошы.
Гэта заўсёды пра асэнсаванасьць — тупа існаваць або адшукваць унікальныя для сябе сэнсы ў кожным канкрэтным моманце. Гэта заўсёды пра адносіны з людзьмі — спрабаваць падпарадкаваць або перарабіць ці ж дапамагаць іншым у раскрыцьці іх патэнцыялу, радуючыся ўнікальнасьці кожнага з нас.
Гэта заўсёды пра магчымасьці — не заўважаць іх або бачыць бясконцую пэрспэктыву разьвіцьця і стварэньня. Калі шчыра, турэмная камэра пад пэўным раскурсам здаецца спрошчанай вэрсіяй вялікага сьвету, бо абараняе ад бясконцай колькасьці раздражняльнікаў, якія адцягваюць нас ад сябе і самога жыцьця.
Гэта своеасаблівы трэнавальны лягер, які дазваляе здабыць сябе і сваё жыцьцё з нуля».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Два гады таму затрымалі Віктара і Эдуарда Бабарыкаў. Каманда Ціханоўскай запісала відэа ў іх падтрымкуЁга для пачуцьця балянсу ў зьяволеньні
Таксама Эдуард працягвае займацца ёгай у камэры.
«Ёга для мяне — гэта найперш пра разьвіцьцё гнуткасьці, статычнай цягавітасьці, пачуцьця балянсу. Па-другое — пра спакой розуму і трэнінг увагі. І я вельмі далёкі ад мэтафізыкі, якую часта ўвязваюць з практыкай ёгі. У іншыя сусьветы не адлятаю. На мой погляд, ёга не зьяўляецца панацэяй ні для цела, ні для розуму, хаця са сваімі задачамі спраўляецца эфэктыўна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд пакінуў Эдуарда Бабарыку пад вартай пасьля 23 месяцаў сьледзтваПерасьлед Віктара Бабарыкі. Што важна ведаць
- Віктара Бабарыку абвінавацілі ў «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (па частцы 2 арт. 235 КК), і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (па частцы 3 арт. 430 КК).
- У крымінальнай справе «Белгазпрамбанку» 122 тамы. Справу разглядаў Вярхоўны суд у будынку суду Маскоўскага раёну.
- 22 сакавіка абарона Бабарыкі заявіла пярэчаньні на прад’яўленыя абвінавачаньні, бо апісаньне, якое ёсьць у іх, не дазваляла ў дастатковай ступені зразумець, у якіх менавіта дзеяньнях абвінавачанага Бабарыкі ўгледзілі злачынства, заявіў адвакат Дзьмітры Лаеўскі. Таксама ён адзначыў, што ў абвінавачаньні няма апісаньня інкрымінаваных дзеяньняў з указаньнем часу, месца, спосабу, іншых абставінаў іх учыненьня. Адвакат папрасіў далучыць да матэрыялаў справы дакумэнт, у якім выклаў «дэфэкты абвінавачаньня».
- Віктар Бабарыка віны не прызнае.
Хроніка перасьледу
- 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць тых, хто адмаўляецца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў за адмываньне грошай і ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
- Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога кампрамату на яго.
- 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
- 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў, «гэта адна шайка-лейка». Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
- Фігурантамі «справы „Белгазпрамбанку“» сталі каля 20 чалавек.
- 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскія акцыянэры банку («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
- 17 чэрвеня ўлады арыштавалі без тлумачэньняў выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку.
- 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку — кіраўніка ініцыятыўнай групы. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
- Кіраўнік КДК Іван Тэртэль назваў Бабарыку «непасрэдным арганізатарам» «махлярскай схемы з адмываньнем грошай» з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».
- 19 чэрвеня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы.
- Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
- 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
- 2 ліпеня стала вядома, што Бабарыку вінавацяць па трох фінансавых артыкулах Крымінальнага кодэксу.
- 14 ліпеня ЦВК адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі празь неадпаведнасьць прадстаўленай дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.
- 10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся зь Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязьнямі ў СІЗА КДБ.
- 17 лютага 2021 году пачаўся суд над Віктарам Бабарыкам і былымі супрацоўнікамі «Белгазпрамбанку». На працэс не пусьцілі нікога зь незалежных журналістаў.
- 6 ліпеня Бабарыку асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Вырак вынес судзьдзя Ігар Любавіцкі. Бабарыка не прызнаў віны, ягоныя абаронцы яшчэ раз заявілі аб палітычных матывах справы.
- 12 ліпеня стала вядома, што Бабарыку этапавалі ў ПК №1 у г. Наваполацак.
- 12 кастрычніка з ізалятараў выйшлі некалькі чалавек, затрыманых у справе «Белгазпрамбанку». Ім зьмянілі меру стрыманьня, але іншыя падрабязнасьці справы невядомыя.
- У кастрычніку 2023 году арганізацыя былых сілавікоў BelPol паведамляла, што Віктар Бабарыка ў калёніі мае праблемы з сэрцам. Паводле інфармацыі арганізацыі, Бабарыку нанесьлі «сур’ёзныя цялесныя пашкоджаньні», прычым зрабілі гэта людзі, якія не адносяцца да пэрсаналу наваполацкай калёніі, дзе той сядзіць.