Апытаньне праводзілася ў канцы сакавіка 2022 году. Толькі 12% назвалі моўную праблему вялікай пагрозай нацыянальнай бясьпецы Ўкраіны, але пры гэтым напружанасьць падае праз тое, што ўсё больш жыхароў краіны пераходзяць у сваім штодзённым жыцьці на ўкраінскую мову.
Многія расейскамоўныя перасяленцы з акупаваных Расеяй тэрыторый адразу пасьля эвакуацыі пайшлі на курсы ўкраінскай у тых гарадах, куды ім давялося выехаць, піша «Настоящее время».
Валянціна Масіяш — пэдагог з амаль 50-гадовым стажам, якая дапамагае такім перасяленцам. Некалькі месяцаў таму жанчына сама вымушана была пакінуць родны Такмак у часткова акупаванай Запароскай вобласьці. Яна расказвае, што ўварваньне Расеі ва Ўкраіну ўспрыняла вельмі балюча.
«Вораг быў гатовы да таго, каб русыфікаваць Украіну і даказаць, што Ўкраіны няма. Што яна — проста частка Расеі. Ніхто не ўсьведамляў, што за гэтым стаіць пастка, як зрабіць нас расейскамоўнымі. А яны спрабавалі давесьці сьвету, што яны мелі права зайсьці на нашу зямлю, бо мы ўсе — „расейцы“, якія гавораць на расейскай!»
Валянціна вядзе клюб украінскай мовы ў Дніпры, большасьць наведнікаў якога — перасяленцы з акупаваных тэрыторый, якія раней ніколі не карысталіся ўкраінскай мовай у сям’і.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нават не спрабуйце ствараць пляцоўкі для дыялёгу паміж украінскай і расейскай культурамі», — украінскі літаратар Вячаслаў Лявіцкі беларусамКанстанцін Далімбаеў — яшчэ адзін вымушаны перасяленец з усходу Ўкраіны. Ён кажа, што многія жыхары рэгіёну, зь якога ён выехаў, ня проста размаўлялі на расейскай, а «жылі ў наратывах „русского мира“».
«Трэба сьвядома пераходзіць на ўкраінскую мову, але ня трэба з гэтага рабіць выклік. Таму што мы разумеем: калі б на ўсходзе Ўкраіны, калі мы атрымалі незалежнасьць у 90-я гады, дзяржава б насычала рэгіён усім украінскім, не было б, напэўна, вайны, таму што першы прыход туды Расеі ў 2014-м — гэта была менавіта „абарона расейскамоўных“, што іх нібыта „ўціскаюць“, што іх „зьнішчаюць“, іхную расейскую культуру».
Выкладчыца Валянціна Масіяш перакананая: авалоданьне мовай — справа часу. І падкрэсьлівае: калі Расея ўварвалася ва Ўкраіну, гэта толькі падштурхнула ўкраінцаў адмовіцца ад расейскай і сьвядома загаварыць на ўкраінскай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларуская мова — пікет, які заўсёды з табой». Гісторыі людзей, якія перайшлі на беларускую проста цяпер ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За беларускую мову — карцар. Пра што гаворыцца ў аглядзе парушэньняў моўных правоў у Беларусі