Глябальны прафсаюз IndustriALL заклікаў Міжнародную арганізацыю працы (МАП) тэрмінова ўмяшацца ў сытуацыю са зьнішчэньнем незалежных прафсаюзаў у Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў лісьце, адрасаваным генэральнаму дырэктару МАП Гаю Райдэру.
«Абуральна, што ў Беларусі зроблены яшчэ адзін жахлівы крок у рэпрэсіях супраць незалежных прафсаюзаў. 18 ліпеня Вярхоўны суд прыняў рашэньне аб ліквідацыі Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) і чатырох яго чальцоў: Беларускага незалежнага прафсаюзу (БНП), Прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП), Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ) і Свабоднага прафсаюзу мэталістаў (СПМ)», — падкрэсьліў Атле Гёе.
Генэральны сакратар IndustriALL адзначыў, што аб’яднаньне «самым рашучым чынам асуджае рашэньне суду і лічыць яго несапраўдным, бо яно відавочна парушае міжнароднае права». Паводле яго, БНП, РЭП і СПМ «надалей застаюцца чальцамі» глябальнага прафсаюзу, ён працягне «аказваць ім дапамогу і цалкам падтрымліваць іх і іншыя незалежныя і дэмакратычныя прафсаюзы Беларусі».
«Мы заклікаем і патрабуем, каб улады Беларусі неадкладна прынялі інспэктараў, у тым ліку місію МАП, прадстаўнікоў IndustriALL, Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў і іншых сусьветных прафсаюзаў, для праверкі абставін арышту, умоў утрыманьня пад вартай і стану затрыманых прафсаюзных актывістаў, — гаворыцца ў лісьце. — Мы патрабуем, каб гэтым арганізацыям далі магчымасьць назіраць за судовымі працэсамі супраць прафсаюзных актывістаў і прафсаюзных арганізацый».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасада ЗША пра ліквідацыю незалежных прафсаюзаў: рэжым Лукашэнкі разумее, што цяжкі стан эканомікі можа выклікаць пратэсты працоўныхIndustriALL патрабуе неадкладнага вызваленьня прадстаўнікоў БКДП — Аляксандра Ярашука, Сяргея Антусевіча, Ірыны Бут-Гусаім, РЭП — Васіля Берасьнева, Зінаіды Міхнюк, Генадзя Фядыніча, Вацлава Арэшкі, СПМ — Яніны Малаш, Міхаіла Громава, Віталя Чычмарова, Міраслава Сабчука, Арцёма Жарнака, БНП — Аляксандра Мішука, Ігара Поварава, Яўгена Говара.
«Беручы да ўвагі гэтыя абуральныя парушэньні правоў чалавека і асноўных правоў прафсаюзаў, глябальны прафсаюз IndustriALL паўтарае сваю просьбу неадкладна ўмяшацца ў дзеяньні ўладаў Беларусі, каб скончыць з гэтымі парушэньнямі. Мы цьвёрда перакананыя, што МАП павінна неадкладна накіраваць місію ў Беларусь. IndustriALL гатовы ўзяць у ёй удзел. Акрамя таго, мы можам даць вам дадатковую інфармацыю пра жахлівыя факты зьнявагі права на мірныя сходы і асацыяцыі, свабоды перакананьняў і іх свабоднага выказваньня, свабоды прэсы, права на справядлівае судовае разьбіральніцтва, права на арганізацыю і вядзеньне калектыўных перамоваў», — адзначыў Гёе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд зьліквідаваў Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў. Яго лідэры ў СІЗА, незалежных прафсаюзаў у краіне не засталосяЛіквідацыя незалежных прафсаюзаў
На падставе пазоваў генэральнага пракурора Вярхоўны суд 12 ліпеня ліквідаваў прафсаюзы РЭП і БНП, 14 ліпеня — СПМ і СПБ, 18 ліпеня — БКДП, які аб’ядноўвае ўсе вышэйзгаданыя прафсаюзы.
За паўгода ў Беларусі пазбаўленыя рэгістрацыі першасныя арганізацыі незалежных прафсаюзаў на Мазырскім НПЗ, «Нафтане», «Белшыне».
11 красавіка ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем» незалежны прафсаюз РЭП, а 11 траўня — першасную арганізацыю БНП на прадпрыемстве «Гродна Азот».
18 і 19 красавіка па краіне пракацілася хваля вобшукаў і затрыманьняў актывістаў незалежнага прафсаюзнага руху. Праваабаронцы прызналі прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў, якія трапілі пад рэпрэсіі, палітвязьнямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Свабодны прафсаюз мэталістаў зьліквідавалі, хоць яго лідэр Бухвостаў трапіў у лякарню перад судом