Баявыя дзеяньні ва Ўкраіне пачаліся з расейскага ўварваньня каля 5 гадзін раніцы 24 лютага 2022 году. Нягледзячы на скептычныя прагнозы аб баяздольнасьці ўкраінскай арміі, яна супраціўляецца расейскай агрэсіі ўжо 150 дзён і нават змагла адвесьці пагрозу ад Кіева, Харкава і Чарнігава. Успамінаем асноўныя лічбы і факты першых пяці месяцаў вайны.
Страты бакоў
Афіцыйную колькасьць загінулых і параненых за 150 дзён баявых дзеяньняў вайскоўцаў не называе ніводзін з бакоў канфлікту. Міністэрства абароны РФ першы і апошні раз публікавала колькасьць загінулых салдатаў 25 сакавіка. Тады расейцы ацанілі свае страты ў 1351 чалавека. З боку Ўкраіны розныя высокапастаўленыя чыноўнікі агучвалі лічбы ад 100 да 200 загінулых вайскоўцаў на кожны дзень вайны.
Незалежны падлік палеглых ва Ўкраіне расейскіх салдатаў і афіцэраў вядуць журналісты расейскай службы ВВС і праекту «Медиазона». Па стане на 20 ліпеня яны налічылі каля 5000 пацьверджаных выпадкаў гібелі расейцаў на ўкраінскай тэрыторыі. Пры гэтым абедзьве крыніцы падкрэсьліваюць, што гэта толькі тыя выпадкі, інфармацыя пра якія трапляе ў афіцыйныя расейскія СМІ. Рэальная колькасьць загінулых расейскіх вайскоўцаў можа быць у некалькі разоў большай.
Такі падыход падзяляюць і ў ЦРУ. 21 ліпеня дырэктар гэтай установы Уільям Бэрнс ацаніў колькасьць забітых ва Ўкраіне расейскіх вайскоўцаў прыкладна ў 15 тысяч чалавек. Яшчэ каля 45 тысяч, паводле зьвестак амэрыканскіх спэцслужбаў, маглі атрымаць раненьні. Агульная колькасьць расейскіх стратаў за 150 дзён вайны можа складаць каля 60 тысяч чалавек. Генштаб Украіны гаворыць аб прыкладна 40 тысячах забітых расейскіх вайскоўцаў па стане на 22 ліпеня.
Страты самой Украіны ацаніць складаней. Кіеў не агучвае афіцыйных лічбаў, а інфармацыя ва ўкраінскіх СМІ ва ўмовах ваеннага становішча моцна абмежаваная. Зыходзячы з агучаных афіцыйнымі асобамі прыкладна 100 сьмерцяў вайскоўцаў за дзень, можна ацэньваць іх у памеры каля 15 тысяч загінулых жаўнераў УСУ за 150 дзён вайны. Прыкладна такія ж лічбы называюць і заходнія крыніцы.
Колькасьць загінулых мірных жыхароў
За 150 дзён вайны на тэрыторыі Ўкраіны гінулі і мірныя жыхары. Страты сярод расейскага цывільнага насельніцтва адзінкавыя, яны адбываліся падчас украінскіх атак па расейскай тэрыторыі з дапамогай ракетнай зброі і бесьпілётнікаў.
Дадзеныя аб колькасьці мірных грамадзян, якія загінулі, публікуе Офіс Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека. Паводле гэтых зьвестак, за 150 дзён вайны загінулі звыш 5110 мірных грамадзян, яшчэ больш як 6752 былі параненыя. Паводле папярэдніх падлікаў, сярод загінулых 346 дзяцей, звыш 600 непаўналетніх былі параненыя.
Пры гэтым у ААН падкрэсьліваюць, што гэта толькі папярэднія ацэнкі. Больш поўна ацаніць колькасьць загінулых падчас вайны Расеі супраць Украіны можна будзе толькі пасьля поўнага завяршэньня ваенных дзеяньняў, рэальная колькасьць сьмерцяў можа быць у разы большай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад расейскай ракеты ў Харкаве загінуў 13-гадовы хлопчык, ягоны бацька маліўся над ім дзьве гадзіны. ВІДЭААдзін захоплены абласны цэнтар і 20% акупаванай тэрыторыі
За 150 дзён вайны Расея змагла акупаваць каля 20% украінскай тэрыторыі на ўсходнім і паўднёвым кірунках. Пры гэтым плошча акупаваных тэрыторый практычна не мяняецца з канца траўня. Амаль два месяцы бакі вядуць пазыцыйную вайну. Нязначных посьпехаў расейскія войскі дасягнулі ў Луганскай вобласьці, якая цяпер цалкам знаходзіцца пад іхным кантролем, а таксама ў Данецкай. Адзіным абласным цэнтрам Украіны, які быў захоплены за 150 дзён вайны, стаў Херсон, у які расейцы ўвайшлі фактычна бяз бою.
Прычыны здачы Херсона ўкраінскай арміяй застаюцца незразумелымі. Спэцслужбы Ўкраіны распачалі сьледзтва па гэтым факце, а кіраўніцтва краіны афіцыйна заявіла аб падрыхтоўцы наступу на херсонскім кірунку з мэтай вярнуць горад пад свой кантроль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскае войска каля Херсону пашкодзіла мост цераз Дняпро, важны для тылавога забесьпячэньня расейцаўКолькасьць беларускіх добраахвотнікаў, якія загінулі і трапілі ў палон
Большасьць беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Ўкраіны пасьля 24 лютага, зьяўляюцца байцамі палка імя Кастуся Каліноўскага, створанага 9 сакавіка 2022 году (першапачаткова як батальён. – РС). Колькі іх усяго, не раскрываецца. Паводле розных ацэнак, у склад палка можа ўваходзіць ад 200 да 1500 байцоў.
Па стане на 22 ліпеня вядома пра 7 загінулых у баях за Ўкраіну байцоў палка імя Кастуся Каліноўскага. Яшчэ тры беларусы, якія загінулі пасьля 24 лютага, былі байцамі іншых падразьдзяленьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вадзіла дзяцей на могілкі, каб бачылі, якія далей будуць стасункі з татам». Шчыры маналёг удавы загінулага добраахвотніка Васіля ПарфянковаАкрамя гэтага, вядома як мінімум пра двух каліноўцаў, якія трапілі ў расейскі палон пад Лісічанскам. Іх статус пакуль застаецца невядомым.
Вядома таксама пра сама меней пяцёх ураджэнцаў Беларусі, якія загінулі ў вайне на баку Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Іван хацеў стрэліць з гранатамёта ў танк, стаў у поўны рост — і яго адразу расстралялі». Сьведка пра гібель «Брэста» і іншых беларусаўПрагнозы на далейшыя вайсковыя дзеяньні
Уладзімір Пуцін ніколі афіцыйна не выказваўся наконт таго, якая працягласьць ваенных дзеяньняў ад пачатку плянавалася Крамлём на тэрыторыі Ўкраіны. Шэраг незалежных крыніц ацэньвалі расейскія пляны як бліцкрыг – вайсковыя дзеяньні павінны былі скончыцца за некалькі дзён. Тэрмін у «3-4 дні» агучваў незадоўга да пачатку вайны і Аляксандар Лукашэнка.
Праз 150 дзён пасьля пачатку вайны існуе некалькі вэрсій аб тым, калі актыўныя ваенныя дзеяньні на ўкраінскай тэрыторыі будуць скончаныя. Паводле адной зь іх, агучанай кіраўніком Галоўнага ўпраўленьня выведкі Ўкраіны Кірылам Буданавым, вайна можа скончыцца ўжо налета поўнай перамогай Украіны і вяртаньнем кантролю над межамі, абвешчанымі ў 1991 годзе. Гэта значыць, уключна з Крымам, а таксама Данецкай і Луганскай абласьцямі.
Заходнія аналітыкі і экспэрты сьцьвярджаюць, на цяперашнім этапе абодва бакі канфлікту маюць праблемы і ня ў стане весьці актыўных наступальных баявых дзеяньняў, а таму канфлікт можа перарасьці ў зацяжны і працягвацца яшчэ некалькі гадоў зь непрадказальным вынікам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Цуд на Дняпры», Беларусь за «жалезнай заслонай», ядзерны ўдар. Амэрыканскія экспэрты пра сцэнары вайны ва Ўкраіне