DW: Сілавікі білі мужа палітзьняволенай лекаркі Тацяны Талочкі, каб яна падпісала патрэбныя прызнаньні

Тацьцяна Талочка

Пра гэта паведамляе Deutsche Welle са спасылкай на свае крыніцы.

Палітзьняволеная Тацьцяна Талочка — анэстэзіёляг-рэаніматоляг, працавала ў 2-й дзіцячай лякарні ў Менску. Яе затрымалі сёлета 12 траўня проста на працоўным месцы ў лякарні, паведамляюць праваабаронцы.

Талочка была лекарам Цімура Міцкевіча — падлетка, які пасьля пабіцьця сілавікамі давялося ўводзіць у мэдыкамэнтозную кому. У верасьні 2020 году пасьля аднаго з допытаў Цімур зноў трапіў у рэанімацыю, а празь некалькі дзён прапаў зь лякарні. Пазьней высьветлілася, што яму ўдалося пакінуць Беларусь.

Цяпер 19-гадовы хлопец ваюе ва Ўкраіне ў палку Каліноўскага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 17-гадовы Цімур М. з допыту ў Сьледчым камітэце зноў трапіў у шпіталь. Пад канвоем

Родныя палітзьняволенай лекаркі сьцьвярджаюць: сілавікі лічаць, што Тацяна дапамагла Цімуру ўратавацца ад крымінальнага перасьледу.

Як перадалі словы Тацяны былыя сукамэрніцы, яна «падпісала паперы, што дапытваць Цімура нельга, але галоўная доктарка не падпісала гэты дакумэнт».

Супраць Тацяны завялі крымінальную справу за падробку дакумэнтаў (пэўна, вядзецца пра арт. 380 КК), а таксама за ўдзел у акцыях пратэсту (арт. 342 КК).

Вядома, што ГУБАЗіК затрымліваў таксама і мужа Тацяны Талочкі. Сілавікі білі яго так, каб Тацяна гэта чула і падпісала патрэбныя прызнаньні, сьцьвярджаюць крыніцы Deutsche Welle.

Пасьля затрыманьня Тацяна 25 дзён правяла на Акрэсьціна: спачатку ў ЦІПе, а потым ІЧУ. Увесь гэты час жанчыне не парадавалі лістоў і перадач, трымалі ў перапоўненых камэрах зь бяздомнікамі. Пазьней жанчыну зьмясьцілі ў СІЗА № 1 на Валадарскага ў Менску.

Цяпер блізкія Талочкі кажуць, што ўмовы ўтрыманьня ў палітвязьняволенай значна лепшыя, чым на Акрэсьціна: у камэры чатыры чалавекі, ёсьць маленькі тэлевізар і вэнтылятар, арыштантаў водзяць на прагулкі, Тацяне перадаюць лісты, яна можа сустракацца з адвакатам. Калі лекарку пачнуць судзіць, родным невядома.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памерла маці 17-гадовага падлетка, які пасьля зьбіцьця сілавікамі трапіў у кому. Дзевяць дзяцей засталіся сіротамі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьбітага падлетка, які быў у коме, хочуць дапытаць у крымінальнай справе аб масавых беспарадках