Нямецкі бізнэс не для праўладных кампаній
Ціханоўская і яе каманда сустрэліся з кіраўнікамі бізнэс-асацыяцыі Нямеччыны (Bundesverband der Deutschen Industrie), якая аб’ядноўвае каля 100 тысяч буйных кампаній. Паводле старшага дарадцы Ціханоўскай Франака Вячоркі, на сустрэчы ішла гаворка пра тое, што трэба адрозьніваць супрацу зь дзяржаўнымі і прыватнымі кампаніямі Беларусі.
— Супрацу зь беларускімі кампаніямі, зьвязанымі з рэжымам, трэба прыпыніць, замарозіць, але пры гэтым увесь беларускі прыватны бізнэс, сярэднія і маленькія кампаніі павінны мець магчымасьць супрацы зь нямецкім бізнэсам, атрымліваць доступ да фінансаваньня і разьвіваць гандлёвыя праекты. Мы запрасілі іх паўдзельнічаць у Міжнародным бізнэс-форуме, які адбудзецца ў Варшаве 20 верасьня, гаварылі пра магчымасьць правядзеньня выставы беларускага бізнэсу ў Нямеччыне. Нам сказалі, што цяпер адбываецца зьмена стратэгіі. З Расеяй яны ўвогуле прыпыняць супрацу, а зь Беларусьсю мусіць быць інакш, бо беларусы не павінны несьці адказнасьць за злачынствы рэжыму і Лукашэнкі.
Дэмакратычная лідэрка Беларусі і яе каманда таксама сустракаецца зь кіраўніком адміністрацыі канцлера Вольфгангам Шмітам, зь намесьнікам старшыні Парлямэнцкай фракцыі Ёганам Вадэфулем (ХДС/ХСС) і іншымі лідэрамі палітычных груп у Бундэстагу.
«Беларусь — гэта частка праблемы»
На сустрэчы з амбасадаркай ЗША ў Нямеччыне Эмі Гутман Сьвятлана Ціханоўская заклікала «ніколі не забываць пра Беларусь, калі ідзе гаворка пра наш рэгіён».
— Мы бачым тэндэнцыю, што пэрыядычна забываюць згадваць Беларусь, а Беларусь — гэта частка праблемы. А праблему трэба вырашаць у комплексе, нельга вырашыць пытаньне Ўкраіны, а Беларусь аддаць на разарваньне Расеі. Гаварылі пра тое, што наша незалежнасьць пад пагрозай. І ў ЗША павінны быць пэўная і дакладная пазыцыя, што ніхто ня мае права падпісваць ніякіх дакумэнтаў, бо гэта супраць волі беларускага народу. Я расказала пра тое, як беларусы падтрымліваюць Украіну ў вайне. Фокус зьмяшчаецца на Ўкраіну, і нам трэба ўвесь час прыцягваць увагу на сябе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мір у Эўропе магчымы толькі пры ўмове свабоды Беларусі». Ціханоўская выступіла ў Бэрліне на цырымоніі да гадавіны замаху на ГітлераУ пасольстве Вялікай Брытаніі Ціханоўская дае брыфінг аб сытуацыі ў Беларусі паслам шэрагу краінаў, якія традыцыйна падтрымліваюць Беларусь.
Гэта шосты візыт у Нямеччыну дэмакратычнай лідэркі Беларусі.
У 2020 годзе Сьвятлана Ціханоўская сустракалася з тагачаснай канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель, у 2021 годзе па тэлефоне яны абмяркоўвалі мігранцкі крызіс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў Бэрліне выступіць з галоўнай прамовай на цырымоніі з нагоды гадавіны замаху на Гітлера