Як паведамляе Delfi, Šiaulių bankas заставаўся апошнім сярод буйных банкаў Літвы, хто яшчэ праводзіў плацяжы ў Беларусь і Расею. У траўні іх спынілі Swedbank і SEB bankas, у канцы чэрвеня — банк Luminor.
У звароце да кліентаў, апублікаваным на сайце банку, са спасылкай на санкцыі Расейскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусь, гаворыцца пра «прэвэнтыўныя рашэньні», якія «тычацца зьдзяйсьненьня плацяжоў у краіны, што знаходзяцца пад санкцыямі».
У прыватнасьці, з 15 жніўня гэтага году ня будуць ажыцьцяўляцца плацежныя апэрацыі ў Расейскую Фэдэрацыю і Рэспубліку Беларусь або зь іх у любой валюце.
Паведамляецца таксама, што «пасьля ўступленьня ў сілу новых расцэнак за крэдытныя пераводы ў краіны або залічэньня плацяжоў, атрыманых з краінаў, якія падлягаюць узмоцненаму маніторынгу з боку Банку ў адпаведнасьці з Законам Літоўскай Рэспублікі аб прадухіленьні адмываньня грошай і фінансаваньня тэрарызму, спаганяецца дадатковая камісія ў памеры 50 эўра».