«Мы будзем працягваць шукаць інавацыйныя шляхі, каб аказаць доўгатэрміновую падтрымку адважным мужчынам і жанчынам украінскіх Узброеных сіл, і мы будзем падбіраць нашу дапамогу так, каб у Ўкраіны былі тэхналёгіі, боепрыпасы і агнявая моц для самаабароны», — цытуе кіраўніка Пэнтагону Reuters.
Каардынатар па стратэгічных камунікацыях у Радзе нацыянальнай бясьпекі ЗША Джон Кірбі днём раней казаў, што на гэтым тыдні адміністрацыя Джо Байдэна абвесьціць аб перадачы зброі і абсталяваньня для Ўкраіны — гэта будзе 16-ы пакет дапамогі. «Пакет будзе ўключаць больш HIMARS, якія ўкраінцы выкарыстоўваюць вельмі эфэктыўна, каб зьмяніць сытуацыю на полі бою», — сказаў ён.
Журналіст ABC Люіс Марцінэс піша, што цяпер ва Ўкраіны будзе 16 сыстэм HIMARS.
Радыюс дзеяньня HIMARS — да 80 км, аднак у пэўнай мадыфікацыі і з адпаведнымі боепрыпасамі ён можа даходзіць да 300–500 км.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта яшчэ і Херсонская, Запароская вобласьці і шэраг іншых тэрыторый». Лаўроў заявіў аб зьмене «геаграфіі спэцапэрацыі»Першыя чатыры рэактыўныя сыстэмы залпавага агню HIMARS прыбылі ва Ўкраіну 23 чэрвеня. 8 ліпеня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў новы пакет дапамогі для Ўкраіны на суму да 400 млн даляраў, які ўключае ў сябе яшчэ чатыры HIMARS і больш боепрыпасаў.
У Кіеве адзначалі, што без сыстэм, здольных страляць з адлегласьці дзясяткаў кілямэтраў, УСУ ня могуць эфэктыўна абараняць Данбас і плянаваць вызваленьне акупаваных тэрыторый.