«Гэта яшчэ і Херсонская, Запароская вобласьці і шэраг іншых тэрыторый». Лаўроў заявіў аб зьмене «геаграфіі спэцапэрацыі»

Сяргей Лаўроў

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што «геаграфічныя задачы» вайны ва Ўкраіне зьмяніліся. Пра гэта ён расказаў у інтэрвію расейскім дзяржаўным СМІ.

Паводле яго, з прычыны паставак заходняга ўзбраеньня Кіеву расейскія ўлады вырашылі правесьці «дэнацыфікацыю і дэмілітарызацыю» ня толькі на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласьцей.

«Цяпер геаграфія іншая. Гэта далёка ня толькі ДНР і ЛНР, гэта яшчэ і Херсонская вобласьць, Запароская вобласьць і шэраг іншых тэрыторый, і гэты працэс працягваецца, прычым працягваецца пасьлядоўна і настойліва», — заявіў Лаўроў.

Зь ягоных словаў вынікае, што «геаграфія спэцапэрацыі» нібыта мяняецца зыходзячы з «ваенных пагроз з тэрыторыі Ўкраіны». Лаўроў дадаў, што калі Захад будзе пастаўляць Украіне дальнабойную зброю, то «межы адсунуцца яшчэ далей».

Кіраўнік МЗС таксама адзначыў, што «спэцапэрацыя» была непазьбежная, і ён нават «адчуў палёгку», калі яна пачалася.

  • ЗША ў чэрвені пачалі пастаўляць Украіне рэактыўныя сыстэмы залпавага агню (РСЗА) HIMARS. Пасьля гэтага УСУ зьнішчылі каля 20 складоў артылерыйскіх боепрыпасаў, разьмешчаных на тэрыторыі, якая кантралюецца расейскім войскам.
  • Прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін казаў, што пастаўкі Ўкраіне HIMARS «нічога не мяняюць» для ходу расейскай «спэцапэрацыі». Паводле яго, аналягічныя савецкія і расейскія сыстэмы і так ёсьць на ўзбраеньні ў Украіны, і заходнія пастаўкі маюць толькі папоўніць зьнішчанае падчас баявых дзеяньняў. Тое самае, паводле заявы расейскага прэзыдэнта, тычыцца і бесьпілётнікаў, якія расейскія СПА «шчоўкаюць як арэхі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі міністар Лаўроў дачасна пакіне сустрэчу G20. Заходнія калегі не сфатаграфаваліся зь ім і не прыйшлі на вячэру