Філёзафа і мэтадоляга Уладзімера Мацкевіча, які знаходзіцца за кратамі ўжо амаль год, перавялі ў магілёўскую турму.
Там палітзьняволены будзе знаходзіцца да разгляду апэляцыйнай скаргі (сам Мацкевіч адмовіўся ад апэляцыі на вынесены яму прысуд, са свайго боку скаргу падаў ягоны адвакат).
Уладзімера Мацкевіча затрымалі ў жніўні 2021 году. Яму выставілі канчатковае абвінавачаньне паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) – за «Марш народнага ўльтыматуму» 25 кастрычніка;
- ч. 1 арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня) — за плятформу «Сход»;
- ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) за відэазапіс на YouTube-канале.
У лютым, патрабуючы зьмяніць меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе, завяршыць сьледчыя дзеяньні і прызначыць дату судовага разбору, Уладзімер Мацкевіч трымаў 14-дзённую галадоўку. Да яго доўгі час не пускалі пастара і адваката.
23 чэрвеня Мацкевіча асудзілі на 5 гадоў узмоцненага рэжыму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладзімер Мацкевіч з турмы: «Сядзець за кратамі ня страшна, калі ёсьць сябры»