Жывую трансьляцыю з падзеі вялі ўрадавы партал і Мэмарыяльны цэнтар супраціву Нямеччыны.
У цырымоніі ўзялі ўдзел кіраўнікі Канстытуцыйнага суду Нямеччыны, Бундэстагу, міністар абароны, дыпляматычны корпус.
Ад Беларусі, апрача Сьвятланы Ціханоўскай, у мэмарыяльных урачыстасьцях у Бэрліне бярэ ўдзел сястра палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай Тацяна Хоміч.
Што сказала Ціханоўская
«Мой муж Сяргей адчуваў нешта падобнае, калі ўпершыню ўвайшоў у двор Жодзінскай турмы»
«Стоячы тут сёньня, я адчуваю цяжкасьць гісторыі. Моташна думаць, што ўсяго за пару крокаў ад таго месца, дзе я зараз стаю, былі забітыя амаль тры тысячы чалавек. Праходзячы сёньня па турме, я адчула сябе такой маленькай. Маё сэрца стала біцца хутчэй. Я падумала, што мой муж Сяргей, мусіць, адчуваў нешта падобнае, калі ўпершыню ўвайшоў у двор Жодзінскай турмы.
Мусіць, гэтая млосьць — пачуцьцё адвагі. Адчуваньне сьвядомага супрацьстаяньня небясьпецы. Калі ўваходзіш у турэмны двор з расплюшчанымі вачыма і высока паднятай галавой.
Як некаторыя з вас згадалі, людзі, якія сабраліся тут сёньня, паходзяць са свабоднага грамадзтва. Але так было не заўсёды, і гэтае месца нагадвае нам пра гэта. Учора, у музэі Бэндлер-блёк, мяне натхнілі шматлікія гісторыі немцаў, якія кінулі выклік нацыянал-сацыялізму».
«Гісторыя нямецкага супраціву гаворыць нам, што малыя акты мужнасьці могуць пракласьці шлях да свабоды і міру»
«У 1940-х гадах супраціў немцаў абараніў іх чалавечнасьць перад абліччам вялікага зла. Так, гэтае зло мела нашмат большыя памеры, чым тое, з чым сёньня сутыкаюцца беларусы. Аднак мужнасьць, якую беларусы праяўляюць у змаганьні, натхняе ня менш. Грамадзянская мужнасьць непадуладная часу і ня ведае межаў.
Гісторыя нямецкага супраціву гаворыць нам, што малыя акты мужнасьці нямногіх могуць пракласьці шлях да свабоды і міру для ўсіх».
«Уся наша краіна ператварылася ў турму»
«Падчас пасьлявыбарных пратэстаў мы спадзяваліся выцягнуць беларусаў з турмаў, але замест гэтага ўся наша краіна ператварылася ў турму. Наша змаганьне аказалася больш працяглым. Беларусы пайшлі ў падпольле. Але ўсё роўна кожны тыдзень мы чуем пра невялікія акты непадпарадкаваньня. Графіці на грамадзкім будынку, зьяўленьне бел-чырвона-белага сьцяга, сымбаль „спыніце вайну“ на вулічным знаку. Рэжым стаў больш рэпрэсіўным, чым калі-колечы раней».
85 працэнтаў беларусаў супраць вайны ва Ўкраіне
«Ад пачатку вайны супраць Украіны беларусы працягваюць адстойваць тое, што яны лічаць слушным. 85 працэнтаў — пераважная большасьць — выступаюць супраць удзелу беларускага войска ў вайне. Беларусы распаўсюдзілі больш за 500 тысяч антываенных брашур. Яны падарылі нашым добраахвотнікам на фронце больш за 40 аўтамабіляў, тысячы бронэкамізэлек, мэдыкамэнтаў і прадметаў гігіены. Беларусь не такая багатая, як Нямеччына. Але людзі зь неабыякавымі сэрцамі заўсёды знойдуць, чым падзяліцца.
Мяне натхняюць беларускія партызаны, якія рабілі дывэрсіі супраць расейскага войска (...) Мяне натхняюць сотні беларускіх добраахвотнікаў, якія сваімі жыцьцямі бароняць Украіну. Ва ўкраінскім войску служаць да 1500 беларускіх добраахвотнікаў. Яны прыносяць неймаверныя ахвяры (...) Мяне натхняюць простыя беларусы, якія дэманструюць сваю салідарнасьць з Украінай. Агулам больш за 2100 чалавек былі затрыманыя ці пасаджаныя ў турму за акты непадпарадкаваньня».
«Мір для Ўкраіны і Эўропы магчымы толькі пры ўмове свабоды Беларусі ад дыктатуры»
«Мы ніколі ня страчвалі ўпэўненасьці ў нашай барацьбе. І за апошнія некалькі гадоў мы шмат чаму навучыліся. Па-першае, дыктатуры разрастаюцца, калі дэмакратыі не зьвяртаюць на іх увагі. Эўрапейцы прачнуліся ад таго, што „Ў нас у Эўропе вайна!“, таму што яны праспалі, што „Ў нас у Эўропе дыктатура!“. Спадзяюся, цяпер зразумела, што мір для Ўкраіны і Эўропы магчымы толькі пры ўмове свабоды Беларусі ад дыктатуры».
«Мэркель мяне заклікала быць цярпліваю»
«Памятаю сваю першую размову з канцлерам Ангелай Мэркель. Яна цярпліва выслухала мяне, а затым дала мне параду, якую я не забуду: яна заклікала мяне быць цярпліваю, але ніколі не губляць упэўненасьці ў тым, што мы робім».
«Ня можа быць і свабоды для Беларусі без свабоды для Ўкраіны. Ня можа быць бясьпекі для Ўкраіны, калі побач зь ёй дыктатар, які падтрымліваецца Пуціным. І ня можа быць міру для Эўропы бязь міру ва Ўкраіне. Мы ўсе — частка глябальнай барацьбы супраць аўтарытарызму. І мы пераможам толькі тады, калі застанемся адзінымі і мэтанакіраванымі».
«Беларусы прадэманстравалі сілу грамадзянскай мужнасьці перад абліччам аўтарытарызму. Цяпер, каб дапамагчы Ўкраіне і Беларусі здабыць свабоду і абараніць вас, мужнасьці многіх недастаткова — нам патрэбна мужнасьць усіх. Ад простага немца да канцлера (...) Для звычайнага чалавека патрабуецца мужнасьць, каб напісаць ліст палітвязьню, аплаціць большы рахунак за газ, узяць на сябе адказнасьць за тых, хто здаецца такім далёкім.
На шчасьце, мы маем прыклады ў гісторыі, якія нас натхняюць і накіроўваюць. Сёньняшні дзень якраз і прысьвечаны іх ушанаваньню».
«Дыктатараў нельга залагодзіць ці перавыхаваць»
«Мая асабістая барацьба таксама зьвязаная з маімі дзецьмі. Мяне натхняюць штодзённыя мужныя ўчынкі майго 12-гадовага сына. Кожны раз, калі ягоная 6-гадовая сястра пытаецца, дзе яе тата, брат адказвае: «У камандзіроўцы». Ён ведае, што ягоны бацька ў турме. Але ён бароніць сваю сястру.
Спадзяюся, што ў будучыні маім дзецям не давядзецца рабіць такія мужныя ўчынкі. Спадзяюся, што для іх мужнасьць ня будзе мець смак задушлівага паветра турэмнай камэры або нагадваць ім моташнае адчуваньне ад прагулкі па турэмным двары. Замест гэтага мужнасьць для іх павінна быць злучана з узрушэньнем і выклікам. Я спадзяюся, што іх маленькія акты мужнасьці будуць накіраваныя на пабудову лепшай будучыні для іх саміх і наступных пакаленьняў.
«Дыктатараў нельга залагодзіць ці перавыхаваць. Мы ведаем, чым скончыліся спробы залагоджваньня ў 1938 годзе. Мы папярэджвалі свабодны сьвет, каб той не паўтараў тых жа памылак з Пуціным ці Лукашэнкам.
Дыктатары ведаюць, што дэмакратыі ахвотней выбіраюць хісткі мір, чым пасьлядоўную барацьбу. Эўрапейскім дэмакратыям спатрэбіліся месяцы, каб паказаць, што ў іх таксама ёсьць зубы».
Чаму важны замах на Гітлера
У 1944 годзе 20 ліпеня ў стаўцы Гітлера ва Ўсходняй Прусіі адбыўся замах на Гітлера як вынік змовы супраць яго і ягоных памагатых. Удзельнікі змовы 1944 году — група афіцэраў і генэралаў вэрмахту, якія былі перакананыя, што Гітлер вядзе Нямеччыну да катастрофы. Іхнай мэтай было фізычна зьнішчыць Гітлера, пасьля чаго спыніць вайну, хутка заключыць мірную дамову і такім чынам уратаваць Нямеччыну ад канчатковага разгрому.
Галоўная фігура змовы — палкоўнік вэрмахту Кляўс Штаўфэнбэрг. У сёньняшняй дэмакратычнай Нямеччыне Кляўс Штаўфэнбэрг і іншыя ўдзельнікі змовы супраць Гітлера лічацца нацыянальнымі героямі, якія аддалі жыцьці дзеля свабоды сваёй Радзімы.
19 ліпеня Ціханоўская наведвала Мэмарыяльны цэнтар супраціву Нямеччыны, дзе для яе праводзіў экскурсію нямецкі палітоляг, кіраўнік музэю Мэмарыяльнага цэнтру супраціву Яганэс Тухэль.
Пазьней, падчас сустрэчы з дыяспарай, Сьвятлана Ціханоўская сказала:
«Калі я слухала ў Мэмарыяльным цэнтры супраціву Нямеччыны пра замах на Гітлера ў 1944 годзе, то думала пра беларускіх партызанаў, якія хацелі спыніць рух расейскіх эшалёнаў ва Ўкраіну».
Візыт Ціханоўскай у Бэрлін
Дэмакратычная лідэрка Беларусі і яе каманда маюць цягам трох дзён шэраг сустрэч. Ціханоўская наведае дзяржаўную канцылярыю, сустрэнецца зь віцэ-канцлерам Нямеччыны Робэртам Габэкам (Оляф Шольц у гэтыя дні не ў Бэрліне), кіраўніком адміністрацыі канцлера Вольфгангам Шмітам, з намесьнікам старшыні парлямэнцкай фракцыі ХДС/ХСС Ёганам Вадэфулем і іншымі лідэрамі палітычных груп у Бундэстагу. У пасольстве Вялікай Брытаніі Ціханоўская дасьць брыфінг аб сытуацыі ў Беларусі паслам шэрагу краінаў, якія традыцыйна падтрымліваюць Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў Бэрліне выступіць з галоўнай прамовай на цырымоніі з нагоды гадавіны замаху на ГітлераПерамовы ідуць, сярод іншага, пра дапамогу беларускім прадпрымальнікам, якія рэлякуюцца ў Нямеччыну і працуюць у Беларусі, беларускім добраахвотнікам ва Ўкраіне, а таксама лекарам, вымушаным пакінуць Беларусь праз рэпрэсіі.
У 2020 годзе Сьвятлана Ціханоўская сустракалася з тагачаснай канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель, у 2021 годзе праз тэлефон яны абмяркоўвалі мігранцкі крызіс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская пагаварыла праз тэлефон з Ангелай Мэркель