Справу Паўла Піскуна разглядалі ў Гомельскім абласным судзе.
Хлопец нарадзіўся ў 2004 годзе. Як паведамляюць праваабаронцы, на момант арышту ён меў 17 гадоў.
Паўла Піскуна абвінавачваюць у тым, што 27 лютага гэтага году ён зьняў на мабільны тэлефон расейскую вайсковую тэхніку і даслаў гэта відэа ў «экстрэмісцкі» тэлеграм-канал разам з суправаджальным тэкстам, у якім расказаў пра колькасьць тэхнікі, кірунак яе руху і адметныя асаблівасьці.
Паводле вэрсіі абвінавачаньня, гэтымі дзеяньнямі Павал Піскун садзейнічаў экстрэмісцкай дзейнасьці.
У віну хлопцу паставілі тое, што празь некалькі дзён, а менавіта 1 і 2 сакавіка, ён зноў зьняў на відэа расейскую вайсковую тэхніку і зноў перадаў матэрыялы тэлеграм-каналу.
18 ліпеня Гомельскі абласны суд абвінаваціў Паўла Піскуна ч. 1 арт. 361-4 КК. У якасьці пакараньня па гэтым эпізодзе яму прызначылі пазбаўленьне волі тэрмінам на 2 гады. Таксама Паўла прызналі вінаватым «у іншым садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці, зьдзейсьненым паўторна». На падставе ч. 2 арт. 361-4 КК за гэта яму прысудзілі 3 гады зьняволеньня.
Канчаткова Паўлу Піскуну прысудзілі 3 гады калёніі агульнага рэжыму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналісту Intex-press Ганцарэвічу прысудзілі 2,5 года зьняволеньня за фота расейскай вайсковай тэхнікі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы: У Смаргоні затрымалі лекара, у Мазыры — жанчыну за перадачу інфармацыі аб перасоўваньні вайсковай тэхнікі