Беларусь спыняе свой удзел у Канвэнцыі аб доступе да інфармацыі, удзеле грамадзкасьці ў працэсе прыняцьця рашэньняў і доступе да правасудзьдзя па пытаньнях, якія датычацца навакольнага асяродзьдзя (Орхускай канвэнцыі)
Гэта прадугледжана ўказам № 247 «Аб выхадзе Рэспублікі Беларусь з міжнароднай дамовы», які падпісаў Аляксандр Лукашэнка.
Пра гэта паведамляе БелТА.
Паводле агенцтва «нягледзячы на дасягнутыя вынікі па выкананьні ўзятых на сябе міжнародных абавязаньняў у адпаведнай сфэры, у кастрычніку 2021 году Беларусь сутыкнулася з прадузятым і дыскрымінацыйным стаўленьнем з боку кіроўных органаў канвэнцыі, фактамі ціску на сувэрэнную дзяржаву».
У існуючых умовах немагчымы паўнавартасны ўдзел Беларусі ў канвэнцыі — адзначае БелТА і нагадвае, што артыкулам 21 гэтай міжнароднай дамовы прадугледжана, што любы ўдзельнік мае права выйсьці з канвэнцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь выйшла з Орхускай канвэнцыі ААН. Чым гэта пагражае- У кастрычніку 2021 году ўдзельнікі Орхускай канвэнцыі прызналі ліквідацыю беларускай экалягічнай арганізацыі «Экадом» перасьледам з боку дзяржавы. Было прынятае рашэньне прыпыніць для Беларусі правы і прывілеі з 1 лютага 2022 году, калі да 1 сьнежня ўлады ня зробяць крокаў дзеля аднаўленьня рэгістрацыі аб’яднаньня. За такое рашэньне прагаласавалі 27 краінаў.
- Орхуская канвэнцыя аб удзеле грамадзкасьці ў працэсе прыняцьця рашэньняў і доступе да правасудзьдзя ў пытаньнях, якія тычацца навакольнага асяродзьдзя, існуе ад 1998 году. Яе бакамі зьяўляюцца практычна ўсе эўрапейскія краіны, да сёньняшняга дня — уключна зь Беларусьсю.