У Кіеве расказалі, пры якой умове разарвуць дыпляматычныя дачыненьні зь Беларусьсю

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што дыпляматычныя дачыненьні зь Беларусьсю будуць разарваныя ў выпадку ўварваньня беларускіх войскаў на тэрыторыю Ўкраіны.

«Беларусь — саўдзельніца злачынства Расеі, ніхто ня ставіць гэтае пытаньне пад сумнеў. Дыпляматычныя дачыненьні з Расейскай Фэдэрацыяй мы разарвалі адразу пасьля пачатку поўнамаштабнага наступу. Таксама яны будуць разарваныя, калі Ўзброеныя сілы Рэспублікі Беларусь перасякуць мяжу Ўкраіны», — сказаў Дзьмітро Кулеба ў інтэрвію ўкраінскаму выданьню Forbes.

Міністар замежных спраў Украіны таксама адзначыў, што беларускі маршрут паставак украінскага збожжа разглядаўся як «шлях апошняй надзеі», калі нічога іншага не спрацуе.

«Нікому не хацелася супрацоўнічаць зь Менскам, які зьяўляецца саўдзельнікам агрэсіі, ні па якім гандлёвым пытаньні. Але вельмі добра папрацавалі лягісты і прыватныя інвэстары (трэйдэры, па сутнасьці) у пляне расшырэньня магчымасьцяў наземных шляхоў праз краіны Эўразьвязу, пайшоў прагрэс у перамовах па марскім шляху, таму варыянт аварыйнага беларускага шляху больш не на парадку дня», — дадаў Дзьмітро Кулеба.

Паводле яго, на перамовах у Стамбуле (Турэччына) бакі дасягнулі дамоўленасьцяў аб разблякаваньні ўкраінскіх марскіх партоў.

«Цяпер усё гэта трэба пакласьці на паперу. Мы не пагодзімся на ніводнае рашэньне, якое пакіне хаця б найменшую шчыліну для магчымасьці франтальнай атакі на ўкраінскія парты з мора з боку Расеі», — падкрэсьліў міністар замежных спраў Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна, Расея і Турэччына дамовіліся стварыць супольны цэнтар бясьпечнай навігацыі ў Чорным моры, каб вывезьці збожжа

Беларусь з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну дазволіла расейскім войскам выкарыстоўваць сваю вайсковую інфраструктуру, а таксама паветраную прастору для нанясеньня авіяцыйных удараў па тэрыторыі Ўкраіны.

Дагэтуль Беларусь і Ўкраіна маюць дыпляматычныя дачыненьні, хоць беларускія дыпляматы амаль у поўным складзе на чале з амбасадарам Ігарам Сокалам выехалі з Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны Ўкраіны адрэагавала ​​​​​​​на публікацыі аб магчымых ударах па аб’ектах на тэрыторыі Беларусі

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.