Старшыня Эўракамісіі дамаўляецца з Баку аб павелічэньні паставак газу ў Эўропу

Урзуля фон дэр Ляен

Старшыня Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен 18 ліпеня паляцела ў Азэрбайджан дамаўляцца аб павелічэньні паставак прыроднага газу. Пра гэта паведамляе Reuters.

Эўракамісія прапанавала краінам ЭЗ заключыць угоду з Азэрбайджанам для павелічэньня імпарту прыроднага газу і падтрымкі пашырэньня трубаправоду для гэтага.

Летась эўрапейскія краіны атрымалі па трансадрыятычным газаправодзе (адрэзку трубаправоднай сеткі Паўднёвага газавага калідора) больш за 8 млрд кубамэтраў азэрбайджанскага газу.

Эўракамісія падкрэсьлівае, што дывэрсыфікацыя імпарту энэрганосьбітаў зьяўляецца прыярытэтам для ЭЗ, бо Расея працягвае выкарыстоўваць свае пастаўкі энэргіі як зброю.

  • У чэрвені Урзуля фон дэр Ляен паведаміла, што Эўрапейскі зьвяз падпісаў з Ізраілем газавы мэмарандум аб узаемаразуменьні ў сфэры экспарту прыроднага газу. Ён прадугледжвае экспарт газу з Ізраілю па трубаправодзе ў Эгіпет, дзе яго будуць звадкоўваць і адпраўляць у Эўропу танкерамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макрон заклікаў французаў падрыхтавацца да жыцьця без расейскага газу