Анамальная тэмпэратура трымаецца на поўдні Эўропы з 8 ліпеня, у некаторых рэгіёнах Гішпаніі тэмпэратура дасягнула 45 градусаў Цэльсія.
Хваля сьпякоты пракацілася і па Партугаліі: па паведамленьні партугальскага Міністэрства аховы здароўя, з 7 па 13 ліпеня з прычыны сьпякоты памерлі 238 чалавек, у асноўным пажылыя людзі з хранічнымі захворваньнямі. 14 ліпеня тэмпэратура паветра ў Партугаліі дасягнула 47 градусаў – гэта рэкорд ліпеньскай тэмпэратуры ў краіне за ўсю гісторыю назіраньняў.
У сувязі са сьпякотай і моцнымі вятрамі на паўднёвым захадзе Эўропы бушуюць лясныя пажары. У Францыі праз пагрозу пажараў эвакуіравана больш за 14 000 жыхароў вёсак у дэпартамэнце Жыронда, найбольш ахопленым агнём: там пажарамі ахоплена ўжо больш за 10 000 гектараў. У 38 з 96 францускіх дэпартамэнтаў аб'яўлены «аранжавы» ўзровень небясьпекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усе 5 кандыдатаў на пасаду прэм’ера Брытаніі — за жорсткасьць да КрамляУ Вялікабрытаніі ў прычыны сьпякоты на часткі яе тэрыторыі, уключаючы такія гарады, як Лёндан, Ёрк і Манчэстэр, абвешчана надзвычайнае становішча. Нацыянальная мэтэаралягічная служба ўпершыню ў сваёй гісторыі абʼявіла «чырвоны» ўзровень небясьпекі. Ён азначае пагрозу жыцьцю людзей, якія перш за ўсё пакутуюць ад хранічных захворваньняў, аднак мэдыкі папярэджваюць, што сьпякота можа быць небясьпечная і для здаровых. Мэтэаролягі прапануюць брытанцам зьмяніць свой звыклы рэжым і не выходзіць на вуліцу ў найбольш сьпякотны час. На дарогах могуць быць уведзены абмежаваньні хуткасьці; некаторыя школы будуць спыняць урокі раней, чым належыць па звычайным раскладзе. Нацыянальная служба аховы здароўя таксама прыведзена ў надзвычайную гатоўнасьць: ёй будзе выдзелена больш аўтамабіляў хуткай дапамогі.
Як лічаць спэцыялісты NASA, чарговая хваля сьпякоты ў Эўропе зьвязаная з глябальнымі зьменамі клімату – падобныя хвалі ў апошнія гады назіраюцца ўсё часьцей.