Пра тое, што падчас рамонту дарогі Н-23055 Новы Сьвержань — Мір была зьнішчаная старая брукаванка, напісаў на мінулым тыдні ў сваім Фэйсбуку эколяг і краязнаўца Валер Дранчук. У доказ сваіх словаў ён апублікаваў фотаздымкі, на якіх бачна зьнішчаную брукаванку.
Выконваючая абавязкі начальніка аддзела ідэалягічнай работы, культуры і па справах моладзі Стаўпецкага райвыканкаму Святлана Жыбуль расказала, што ў пераліку аб’ектаў, якія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці, сапраўды ёсьць участак дарогі, пакрыты брукам. Гэты абʼект разьмешчаны на 1,8-3,1 км участка аўтадарогі Н23055. І на гэтым кавалку любыя працы могуць праводзіцца толькі з дазволу Міністэрства культуры. Паводле Жубыль, мясцовыя ўлады абмяжоўваюцца там толькі падтрыманьнем парадку.
Начальнік ДРБУ-135 Вадзім Савіцкі, якога цытуе афіцыйная газэта Менскага аблвыканкама, пацьвярджае, што кавалак брукаванкі на згаданай дарозе быў зьнішчаны. Але, паводле яго, гаворка ідзе не пра канкрэтна той адрэзак, які мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці.
«Наша галоўная задача — разгрузіць вуліцы Стоўбцаў, на якіх разьмяшчаюцца два садкі і парк, ад вялікагрузнага транспарту, які ідзе на рэспубліканскую трасу. Заасфальтаваны будзе ўчастак, працягласьць якога складае каля кілямэтра, але ён не ўключае ў сябе гістарычную брукаванку. Шуміха, паднятая ў сеціве, ня мае пад сабой ніякіх падстаў. — лічыць Савіцкі. — Працы мы выконваем пасьля абсьледаваньня ўчастку з крытычнай ямачнасьцю, які быў прызнаны аварыйным. Пасьля іх выкананьня ў горадзе стане цішэй, і дарожная бясьпека павысіцца».
Як патлумачыў журналістам мясцовы краязнаўца Валер Дранчук, будаўнікі зьнішчылі фасад таго адрэзку брукаванкі, які мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Мясцовыя актывісты прапаноўвалі абвесьціць той жа статус і адносна гэтага кавалку. Ён, дарэчы, даўжэйшы за сам ахоўваемы Мінкультам фрагмэнт.
У Стоўпцах сёлета пройдуць менскія абласныя «Дажынкі», пад гэта сьвята ў розных рэгіёнах Беларусі ў розныя гады зьнішчылі або дэфармавалі дзясяткі помнікаў гісторыі і культуры.