Расея пагражае судом швайцарскай газэце. Ёй не спадабалася вось гэтая карыкатура на Пуціна

Швайцарскі сьцяг

Пасольства Расеі ў Швайцарыі заявіла аб гатоўнасьці зьвярнуцца ў праваахоўныя органы гэтай краіны ў сувязі з публікацыяй у газэце Neue Zürcher Zeitung (NZZ) карыкатур на Ўладзіміра Пуціна. Пра гэта гаворыцца ў лісьце на імя галоўнага рэдактара газэты, апублікаваным на сайце дыпляматычнай місіі.

Расейскае пасольства лічыць, што карыкатуры носяць паклёпніцкі і абразьлівы характар, а іх публікацыя можа парушаць артыкулы Крымінальнага кодэкса Швайцарыі аб распаўсюджваньні зьвестак, якія ганьбяць гонар і годнасьць трэціх асоб, а таксама паклёпы.

Як адзначае DW, нагодай для звароту стаў матэрыял, які выйшаў у газэце 9 ліпеня. Артыкул быў прысьвечаны мемам, зьвязаным з вайной ва Ўкраіне. Акрамя таго, артыкул суправаджаецца карыкатурнай выявай Пуціна з клоўнскім носам і малюнкам вясёлкі на твары. Твіт суправаджаецца хэштэгам «Пуцін — ваенны злачынец». Яшчэ адзін твіт у артыкуле паказвае расейскага прэзыдэнта ў яго працоўным кабінэце, які сядзіць на ўнітазе.

Карыкатуры абурылі расейскае пасольства. «Што да асобы прэзыдэнта Расеі, то ён, як вядома, глыбока веруючы праваслаўны чалавек і выступае за захаваньне традыцыйных хрысьціянскіх каштоўнасьцяў у расейскім грамадзтве (і відавочна не зьяўляецца прыхільнікам ЛГБТ-супольнасьці, у сувязі з чым вясёлкавая размалёўка яго асобы, як кажуць на Русі, „ни к селу — ни к гораду“)», — піша пасольства РФ.

Выкарыстанае ў матэрыяле вызначэньне «ваенны злачынец» у адносінах да Пуціна дыпмісія назвала «бяздоказнай прамой абразай».

Расейскаму пасольству не спадабалася выява прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага ў вобразе героя коміксаў Marvel.

У газэце Neue Zürcher Zeitung ліст пакуль не камэнтавалі. Пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну заходнія СМІ публікавалі нямала карыкатур на Уладзіміра Пуціна.