Латушка абмеркаваў з уладамі Падляскага ваяводзтва Польшчы стварэньне спрыяльных умоваў для вывучэньня беларускай мовы ў школах Падляшша

Павал Латушка

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня (НАУ), былы чыноўнік і дыплямат Павал Латушка абмеркаваў з уладамі Падляскага ваяводзтва Польшчы разьвіцьцё беларускай культуры і мовы ў гэтым краі.

У тэлеграм-канале палітыка паведамляецца, што падчас працоўнай паездкі ён сустрэўся з падляскім ваяводам Багданам Пашкоўскім, віцэ-маршалкам ваяводзтва Себасьцьянам Лукашэвічам, гарадзкім прэзыдэнтам Беластока Тадэвушам Трускаляскім і кіраўніком групы па сувязях з Беларусьсю польскага сэйма Робэртам Тышкевічам.

«У рамках сустрэч дасягнутыя дамоўленасьці аб спрыяньні стварэньню Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку для патрэбаў беларускай этнічнай меншасьці і беларускай дыяспары ў рэгіёне, аб неабходнасьці стварэньня спрыяльных умоў для вывучэньня беларускай мовы ва ўстановах агульнай адукацыі Беластока, аб дадатковай фінансавай і арганізацыйнай падтрымцы вывучэньня беларускай мовы і літаратуры ў школах Падляскага ваяводзтва, аб падтрымцы мясцовымі ўладамі арганізацыі акцый, прымеркаваных да другой гадавіны пратэстаў у Беларусі», — гаворыцца ў паведамленьні.

Адзначаецца, што з 9 ліпеня беларусы, якія пражываюць у Падляскім ваяводзтве, «могуць падаваць у аддзел замежнікаў ваяводзкай управы хадайніцтвы аб атрыманьні часовага віду на жыхарства па гуманітарных прычынах».

«Абмеркавана магчымасьць назваць адну з вуліц Беластока „Вуліцай Вольнай Беларусі“, — паведамляе тэлеграм-канал Латушкі. — Асобна адзначана важнасьць падтрымкі беларускай этнічнай меншасьці, якая пражывае ў Падляскім ваяводзтве, СМІ, правядзеньня беларускіх мерапрыемстваў».

Паводле інфармацыі ваяводзкай управы, пасьля жніўня 2020 года каля 10 тыс. беларусаў атрымалі права на часовае знаходжаньне на тэрыторыі Падляскага ваяводзтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Завяршылася будаўніцтва сьцяны паміж Польшчай і Беларусьсю