Паводле Аліева, Армэнія да гэтага часу ня вывела свае войскі з тэрыторыі Карабаху, што было прадугледжана дэклярацыяй аб спыненьні агню, а расейскія міратворцы патураюць гэтаму.
«Некалькі месяцаў таму, калі службовыя асобы высокага ўзроўню Міністэрства абароны РФ знаходзіліся ў Азэрбайджане, яны абяцалі нашаму міністэрству абароны, што армянскія вайскоўцы да чэрвеня выйдуць з Карабаху. Сёньня ўжо сярэдзіна ліпеня, але гэтае пытаньне не знайшло свайго рашэньня», — заявіў Аліеў.
У Міністэрстве абароны РФ заявы Аліева пакуль не камэнтавалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнікі Азэрбайджану і Армэніі дамовіліся пра мірныя перамовы паміж краінаміПа выніках вайны ў Нагорным Карабаху, якая адбылася восеньню 2020 году, Азэрбайджан атрымаў кантроль прыкладна над паловай рэгіёну, а ў астатняй частцы былі разьмешчаныя расейскія міратворцы. Армэнія была абавязаная вывесьці адтуль свае войскі.
Афіцыйны Баку з таго часу рэгулярна абвінавачвае армянскі бок у парушэньні пагадненьня аб вывадзе войскаў. Разам з тым у Ерэване настойваюць, што ўсе рэгулярныя часткі з Карабаху выведзеныя і што там застаюцца толькі мясцовыя сілы самаабароны.