Наплыў грамадзянаў Беларусі і Расеі ва Ўзбэкістан выклікаў рост цэнаў на арэнду жыльля

Ташкент

Ва Ўзбэкістане вырасьлі цэны на арандаваную нерухомасьць. Пра гэта гаворыцца ў аглядзе Цэнтральнага банку краіны па выніках другога кварталу сёлета.

У траўні цана арэнды жытла ў далярах вырасла на 1,7%, у чэрвені — на 2,1%.

Цэнтрабанк Узбэкістану рост актыўнасьці на рынку арэнды жытла тлумачыць сэзонным фактарам, а таксама магчымым «істотным прытокам турыстаў» з краін СНД, у прыватнасьці з Расеі і Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Толькі айцішнікі ў Польшчу — 40 тысяч». Колькі беларусаў атрымалі гуманітарныя і рэлякацыйныя візы

Кошт жытла на першасным і другасным рынках таксама паказаў невялікі рост. Так, на першасным рынку цэны вырасьлі на 2,4%, на другасным — на 2%. Паводле дадзеных Цэнтрабанку, усяго ў другім квартале было заключана 81,9 тысячы ўгодаў, што на 6,2% больш, чым за аналягічны пэрыяд летась.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З Расеі цяпер можна паляцець толькі ў 19 краін. Зь Беларусі — у 8

Узбэцкая служба Радыё Свабода зазначае, што ў Ташкенце цэны на жытло і арэнду пачалі расьці пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. З прычыны вайны некаторыя грамадзяне Расеі і Беларусі вырашылі часова пераехаць ва Ўзбэкістан.