Камісія ЭЗ падала пазовы ў Эўрапейскі суд супраць Польшчы і Вугоршчыны з прычыны прынятых у гэтых краінах законаў, якія абмяжоўваюць правы прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці. Пра гэта паведамляецца ў прэс-рэлізе на сайце Эўракамісіі, апублікаваным у пятніцу, 15 ліпеня.
У выпадку Вугоршчыны падставай для звароту ў суд стаў дзейны ад 2021 году закон, які забараняе і абмяжоўвае доступ да кантэнту, які ўлады краіны лічаць ЛГБТ-прапагандай сярод непаўналетніх. ЭЗ неаднаразова патрабаваў ад Вугоршчыны не дапускаць уціску ЛГБТ-людзей. Прэм’ер-міністар краіны Віктар Орбан на абвінавачаньні ў парушэньні законаў Эўразьвязу і абмежаваньні правоў чалавека адказваў, што гэтыя законы не дыскрымінацыйныя, а толькі забараняюць «прасоўваньне» ЛГБТ-кантэнту дзецям у школе.
«Абарона непаўналетніх — законны грамадзкі інтарэс, які ЭЗ падзяляе і да якога імкнецца. Аднак у гэтым выпадку Вугоршчына не змагла растлумачыць, чаму знаёмства дзяцей з ЛГБТ-кантэнтам можа нанесьці шкоду іх дабрабыту або не адпавядаць інтарэсам дзіцяці», — заявілі ў Эўракамісіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вугорскі лідэр Орбан абвясьціў рэфэрэндум аб «абароне дзяцей ад ЛГБТ»«Свабодныя ад ЛГБТ» зоны ў Польшчы
У Польшчы ад 2020 году шэраг рэгіянальных парлямэнтаў ухвалілі дакумэнты, накіраваныя на барацьбу з так званай «ідэалёгіяй ЛГБТ». Такія пастановы былі прынятыя больш як у 90 гарадах і раёнах Польшчы, дзе пражывае каля траціны насельніцтва краіны. Гэтыя раёны ўлады абвясьцілі «зонамі, свабоднымі ад ЛГБТ».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўракамісія адхіліла заяўкі гарадоў Польшчы, «свабодных ад ЛГБТ»Брусэль неаднаразова патрабаваў ад Польшчы адмяніць дыскрымінацыйныя захады, а ў ліпені 2021 году Эўракамісія адкрыла ў дачыненьні да Варшавы дысцыплінарную працэдуру за парушэньне асноўных дамоваў ЭЗ. У верасьні летась Эўракамісія прыгразіла рэгіёнам Польшчы пазбаўленьнем сродкаў з фонду REACT-EU, якія маюць на мэце дапамагчы дзяржавам ЭЗ справіцца з наступствамі пандэміі каранавірусу.
З таго часу, як адзначаецца ў заяве Эўракамісіі, «польскія ўлады не змаглі цалкам і належным чынам адрэагаваць на яе запыт адносна характару і ўзьдзеяньня рэзалюцый» аб зонах, «вольных ад ЛГБТ». Цяпер Польшча і Вугоршчына маюць два месяцы, каб адказаць на аргумэнты, высунутыя Эўракамісіяй.