Старшыню Свабоднага Прафсаюзу Беларускага Шараха асудзілі на 15 сутак за аватарку ў Фэйсбуку

Мікалай Шарах

Мікалая Шараха затрымалі 14 ліпеня падчас вяртаньня дадому ў Полацак зь Менску, зь Вярхоўнага суду, дзе разглядалі справу аб закрыцьці Свабоднага Прафсаюзу Беларускага.

Прэсавы цэнтар СПБ паведаміў, што 15 ліпеня яго асудзілі на 15 сутак за аватарку ў Фэйсбуку.

На адным з фота на аватарцы Мікалая Шараха далучаны ўкраінскі сьцяжок, які ён дадаў 24 лютага на знак салідарнасьці з Украінай, што змагаецца з расейскай агрэсіяй.

14 ліпеня ў Вярхоўным судзе за зачыненымі дзьвярыма разглядалася справа аб ліквідацыі Свабоднага Прафсаюзу Беларускага. Старшыню апыталі ў якасьці сьведкі і выставілі за дзьверы, рашэньне суду так і не вядомае, — піша тэлеграм-канал СПБ.

Раней Вярхоўны суд Беларусі зьліквідаваў Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці, Беларускі незалежны прафсаюз, Свабодны прафсаюз мэталістаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Свабодны прафсаюз мэталістаў зьліквідавалі, хоць яго лідэр Бухвостаў трапіў у лякарню перад судом

Разглядаюцца справы аб ліквідацыі яшчэ трох, у тым ліку і Свабоднага Прафсаюзу Беларускага.

13 траўня праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала палітвязьнямі 10 прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў, затрыманых у красавіку 2022 году.

Палітвязьнямі прызнаныя: Аляксандар Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП); Сяргей Антусевіч, намесьнік старшыні БКДП; Генадзь Фядыніч, лідэр прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці; прафсаюзныя актывісты Вацлаў Арэшка, Міхаіл Громаў, Ірына Бут-Гусаім, Міраслаў Сабчук, Яніна Малаш, Віталь Чычмароў, Васіль Берасьнеў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі старшыню Свабоднага Прафсаюзу Беларускага Мікалая Шараха