У ЗША аслабілі санкцыі супраць Расеі: дазволілі ўгоды на ўгнаеньні, харчы і лекі

Мінфін ЗША 14 ліпеня зьмякчыў санкцыі супраць Расеі: у прыватнасьці, цяпер дазволена праводзіць транзакцыі па ўгнаеньнях, харчах, леках і мэдыцынскім абсталяваньні. Акрамя таго, зьняты абмежаваньні супраць дзьвюх зьвязаных з Расеяй кампаній.

З-пад санкцыі выведзеныя транзакцыі ў дачыненьні да вытворчасьці, вырабу, продажу або транспартаваньня сельскагаспадарчых тавараў (у тым ліку харчоў і ўгнаеньняў), сельскагаспадарчага абсталяваньня, лекаў, вырабаў мэдыцынскага прызначэньня, запасных і камплектных частак да іх або абнаўленьня праграмнага забесьпячэньня для мэдыцынскіх прылад, гаворыцца ў прэс-рэлізе на сайце Мінфіна ЗША.

Паводле паведамленьняў СМІ, ЗША зьмякчылі санкцыі супраць расейскіх мінэральных угнаеньняў яшчэ ў канцы сакавіка, празь месяц пасьля ўвядзеньня першых санкцый у дачыненьні да Расеі. ЗША прыраўнялі расейскія ўгнаеньні да прадуктаў першай неабходнасьці, каб такім чынам засьцерагчы сябе ад дэфіцыту хімічнай прадукцыі.

Таксама паведамляецца, што амэрыканскія санкцыі больш не распаўсюджваюцца на апэрацыі, зьвязаныя з Gazprom Germania і казахстанскім «Альфа-банкам». Раней нямецкая дачка «Газпрома» была ўзятая ўрадам Нямеччыны пад доўгатэрміновае кіраваньне, адзначае «Зеркало».