На акупаванай частцы Запароскай вобласьці анансавалі рэфэрэндум аб далучэньні да Расеі

Запароская вобласьць Украіны

Прадстаўнік расейскіх уладаў акупаванай часткі Запароскай вобласьці Ўкраіны анансаваў рэфэрэндум аб далучэньні рэгіёну да Расеі, нібыта на пачатку восені. Пра гэта паведаміла дзяржаўнае агенцтва ТАСС.

Большая частка Запарожжа, акрамя аднайменнай сталіцы рэгіёну, цяпер пад кантролем Расеі. Рэгіянальныя рэфэрэндумы аб далучэньні тэрыторый да іншай краіны не прадугледжаныя ўкраінскім заканадаўствам. Кіеў ужо ня раз заяўляў, што не разглядае магчымасьці прызнаць пераход украінскай тэрыторыі ў Расею.

У 2014 годзе Расея анэксавала тэрыторыю Крыму і Севастопаля па выніку праведзенага там галасаваньня. Яно не было прызнанае ўкраінскімі ўладамі і праводзілася, калі паўвостраў кантраляваўся расейскімі вайскоўцамі.

На пачатку ўварваньня ў 2022 годзе Крэмль заяўляў, што не плянуе новых анэксій. Аднак пазьней прадстаўнікі расейскіх уладаў на акупаваных тэрыторыях пачалі анансаваць магчымае далучэньне да Расеі. Пра гэта ж пачалі гаварыць і высокапастаўленыя расейскія чыноўнікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нелюдзі. Краіна-забойца»: Зяленскі аб ракетных ударах Расеі па Віньніцы. Ёсьць ахвяры і разбурэньні