13 ліпеня Берасьцейскі абласны суд пачаў разгляд крымінальнай справы палітзьняволенага Юрыя Ганцарэвіча.
Прадстаўнік дзяржаўнага абвінавачаньня папрасіў пакараць журналіста 2,5 года калёніі. Паводле выданьня Intex-press, Дзяржабвінаваўца сказаў, што Ганцарэвіч, «маючы намер на садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, адправіў у бот тэлеграм-канала Радыё Свабода фотавыявы вайсковай авіятэхнікі, якая знаходзіцца на тэрыторыі аэрадрома 61-й зьнішчальнай авіяцыйнай базы, якая дысьлякуецца ў Баранавічах».
Сваю віну Ганцарэвіч у судзе прызнаў цалкам. На пытаньне, навошта ён зрабіў гэта, абвінавачаны патлумачыў, што «хацеў паказаць, што ў бок Украіны лятаюць не беларускія самалёты, а расейскія; хацеў даказаць, што Беларусь ня ўдзельнічае ў ваенных дзеяньнях».
У выніку 14 ліпеня судзьдзя Мікалай Грыгаровіч абвінаваціў журналіста ў садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці і пакараў яго 2 гадамі 6 месяцамі зьняволеньня, паведамляе Intex-press.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 5 траўня: У Баранавічах затрымалі карэспандэнта Intex‑PressЖурналіста Intex-press Юрыя Ганцарэвіча затрымалі 27 красавіка. Пасьля выстаўленьня абвінавачаньня паводле арт. 361-4 КК («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») яго перавялі ў Баранавіцкае СІЗА № 6.
Праз тыдзень пасьля затрыманьня Ганцарэвіча праўладныя прапагандысцкія каналы распаўсюдзілі відэа ягонага допыту і паведамілі, што маладога чалавека затрымалі за тое, што нібыта фатаграфаваў расейскую вайсковую тэхніку і дасылаў фатаздымкі ў незалежныя мэдыя Zerkalo.io і Радыё Свабода.
Паколькі раней улады прызналі вядучыя беларускія незалежныя мэдыя «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» (выданьне Zerkalo.io, у адрозьненьне ад Радыё Свабода, ня мае такога статусу), цяпер журналіста абвінавацілі менавіта ў садзейнічаньні такому «фармаваньню».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У рэдакцыі баранавіцкага выданьня Intex-press адбыўся ператрус па справе аб «экстрэмізьме»