Латвіі востра бракуе сродкаў на далейшае ўтрыманьне ўцекачоў з Украіны. ВІДЭА

Украінцы ў цэнтры падтрымкі ўцекачоў у будынку колішняга Рыскага тэхнічнага ўнівэрсытэту

Журналісты CurrentTime зьнялі відэа пра тое, зь якімі праблемамі сутыкнуліся ўкраінскія ўцекачы ў балтыйскай краіне.

Многія гарады Латвіі, у тым ліку сталіца краіны Рыга, больш ня будуць прымаць украінскіх уцекачоў. Дзяржаўная праграма іх падтрымкі мае недахоп фінансаваньня, і мясцовыя ўлады заявілі, што ў іх больш няма грошай, каб разьмяшчаць людзей.

Многія ўцекачы рызыкуюць застацца бяздомнымі — латыскі ўрад ня можа дазволіць сабе аплачваць іх пражываньне ў гатэлях, а тым, хто ня мае працы, занадта дорага здымаць жытло самастойна.

Пры гэтым сярод уцекачоў шмат у каго працы няма і яны прызнаюцца: у гэты момант яны ня ведаюць, што рабіць далей.

Паводле апытаньня, праведзенага Агенцтвам ААН у справах уцекачоў у шасьці эўрапейскіх краінах, большасьць украінцаў, якія атрымалі там прытулак, жадалі б пасьля заканчэньня вайны вярнуцца на радзіму. Траціна зь іх плянуе вяртаньне ў найбліжэйшы час, аднак дзьве траціны не гатовыя зрабіць гэта да ўстанаўленьня ва Ўкраіне трывалага міру.

Агульная колькасьць уцуекачоў з Украіны дасягнула 9 млн чалавек. Зь іх у Латвію трапілі звыш 34 тысяч, што амаль дасягае колькасьці насельніцтва ў 7-м па велічыні горадзе краіны — Рэзэкнэ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З Украіны ад пачатку вайны выехала колькасьць людзей, роўная насельніцтву Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З пачатку вайны ў Латвію не пусьцілі 12 беларусаў, якія «маглі ўяўляць пагрозу нацыянальнай бясьпецы»