«Медуза»: у Маскве набіраюць наймітаў у «сабянінскі полк»

Ілюстрацыйнае фота

У Маскве сфармавана вайсковае падразьдзяленьне, куды набіраюць наймітаў для ўдзелу ў вайне ва Ўкраіне.

Як піша «Медуза» ў новым расьсьледаваньні, і вэрбавальнікі, і самі найміты называюць яго «сабянінскім палком».

Гэты вайсковы аддзел прынамсі часткова фінансуецца зь бюджэту Масквы. Пры гэтым сам мэр Сяргей Сабянін публічна імкнецца як мага больш дыстанцыявацца ад вайны.

Набор у «сабянінскі полк» пачаўся 1 ліпеня. Паводле інфармацыі выданьня, пераважна ў яго запісваюцца не масквічы, а жыхары іншых рэгіёнаў — мужчыны ва ўзросьце да 60 гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі памежнік перайшоў мяжу з Украінай, каб далучыцца да ўкраінскіх сіл абароны ад расейскай агрэсіі

Найміты спачатку цягам месяца будуць праходзіць падрыхтоўку на палігоне Муліна ў Ніжагародзкай вобласьці, а затым іх адправяць ва Ўкраіну. Ім абяцаюць плаціць звыш 200 тысяч рублёў у месяц. «У гэтую суму ўваходзіць даплата ад мэра Сабяніна — 200 тысяч, якая разьбіваецца на чатыры выплаты па 50. У вайсковай частцы атрымліваеце картку ВТБ, выплаты ад Масквы будуць паступаць туды», — сказаў вэрбавальнік журналісту «Медузы», які прадставіўся прэтэндэнтам на пасаду шараговага найміта.

Выданьне высьветліла, што адным з вэрбавальнікаў у «сабянінскі полк» зьяўляецца Раман Уладзіміравіч Высоцкі (пазыўны «Баўгарын») — поўны цёзка аднаго з былых камандзіраў народнай міліцыі ДНР. Ён называе сябе «камандзірам батальёна» ў «сабянінскім палку».

Кіраўнік прэсавай службы мэра Масквы Гульнара Пянькова не адказала на званкі і паведамленьні журналістаў «Медузы» ў сацсетках, а прадстаўнік прэсавай службы ўраду Аляксандар Герасімаў сказаў, што «не ўпаўнаважаны» адказваць на такія пытаньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея найшчыльней абстрэльвае Данеччыну. Украінцы зьнішчаюць усё больш расейскіх базаў з боепрыпасамі на поўдні і ўсходзе

«Добраахвотніцкія батальёны» (а на справе падразьдзяленьні кантрактнікаў) у расейскіх рэгіёнах пачалі фармаваць яшчэ вясной 2022 году; з таго часу свае атрады зьявіліся ў Чачэніі, Татарстане, Башкірыі, Пермскім краі, Кіраўскай і Ніжагародзкай абласьцях.

З пачатку ўзброенага ўварваньня расейскіх войскаў ва Ўкраіну многія вайсковыя экспэрты адзначаюць, што дасягнуць пастаўленых Уладзімірам Пуціным перад войскам задач немагчыма без дадатковай мабілізацыі. Набор у прыватныя вайсковыя кампаніі (ПВК) ператварыўся ў адзін з варыянтаў «схаванай мабілізацыі». А мяжа паміж наймітамі, рэгулярным войскам і так званымі добраахвотнікамі падчас вайны ва Ўкраіне канчаткова сьцёрлася, бо ўсе яны працуюць зь Міністэрствам абароны, гаворыцца ў расьсьледаваньні.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.