Хроніка перасьледу 13 ліпеня: затрымалі вайсковага экспэрта Ягора Лебядка; на Берасьцейшчыне судзілі за рэпост матэрыялу 5-гадовай даўніны

Ілюстрацыя

У Беларусі працягваюцца суды, у тым ліку за перадрук «экстрэмісцкіх» СМІ.

Затрыманы Ягор Лябядок, вайсковы экспэрт, аўтар каналу Lebiadok

Такую інфармацыю падае тэлеграм-канал spiski_okrestina.

Ягор Лябядок – вядомы ў Беларусі незалежны вайсковы экспэрт. Апошнім часам ён аналізаваў пагрозы для Беларусі ў кантэксьце вайны Расеі супраць Украіны і прагназаваў, у якім выпадку рэжым Лукашэнкі можа ўцягнуць у вайну беларускія войскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Для Лукашэнкі прысутнасьць расейскіх войскаў у Беларусі ўжо ня страшная, — Ягор Лебядок

Магілёўскую кнігарню «Асвета» аштрафавалі на 4800 рублёў за дзьве «экстрэмісцкія» кнігі

Па інфармацыі MAYDAY TEAM, кіраўніцтва кнігарні «Асьвета» прыцягнулі да адказнасьці за дзьве кнігі Віктара Ляхора «Ваенная гісторыя Беларусі. Героі. Сымбалі. Колеры». Дырэктарка кнігарні растлумачыла на судзе, што на гэтую пасаду яна была прызначана толькі 24 траўня і ня ведала пра наяўнасьць у краме «экстрэмісцкіх» кніг.

Паводле яе, ні выдавецтва «Харвест», якому належыць кніга, ні Міністэрства інфармацыі Беларусі не папярэдзілі кіраўніцтва крамы, што кнігі трэба зьняць з продажу.

8 чэрвеня пракуратура выявіла факт парушэньня, а пазьней склала пратакол паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Магілёўская судзьдзя Аксана Ратнікава прызначыла кнігарні «Асьвета» штраф у памеры 150 базавых велічыняў (4800 рублёў).

Аўтар кнігі — Віктар Ляхор, вядомы беларускі геральдыст, які стварыў сымболіку ДАІ, АМАП, ГУБАЗіК, Дэпартамэнту аховы, а таксама МЗС.

У Менску асудзілі яшчэ аднаго ўдзельніка жнівеньскай акцыі пратэсту

Суд Савецкага раёну Менску вынес прысуд жыхару сталіцы Арцёму Закржэўскаму, абвінаваціўшы яго ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама ў хуліганстве (ч.3 арт. 339 Крымінальнага кодэксу), паведамляе «Вясна».

Паводле матэрыялаў абвінавачаньня, у ноч з 9 на 10 жніўня 2020 году ў Менску 20-гадовы Арцём падчас несанкцыянаванага масавага мерапрыемства выходзіў на праезную частку аднаго з праспэктаў, блякаваў рух грамадзкага транспарту, выкрыкваў лёзунгі, не падпарадкоўваўся законным патрабаваньнямі прадстаўнікоў улады. Акрамя таго, увечары 1 студзеня 2022 году ён нібыта беспадстаўна ўжыў гвалт у дачыненьні да іншага мужчыны.

У выніку судзьдзя Алена Жуковіч прысудзіла Арцёму 4 гады 6 месяцаў абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 12 ліпеня: 7 гадоў калёніі за «наезд на сілавіка», 3 гады — за падпал рэлейнай шафы

За сьвята, арганізаванае ў Гомлі для дзяцей украінскіх уцекачоў, аштрафавалі яшчэ адну арганізатарку

Аксана Бяляева аштрафаваная на 640 беларускіх рублёў за «прыцягненьне грамадзкай увагі да палітычнай сытуацыі ва Ўкраіне». Суд Цэнтральнага раёну палічыў яе вінаватай у парушэньні артыкула 24.23 «Парушэньне ўсталяванага парадку правядзеньня сходу...», паведамляе тэлеграм-канал «Штодзень Гомель».

У пратаколе аб адміністрацыйным парушэньні было пазначана: «Парушэньне ўсталяванага парадку пікетаваньня ў якасьці ўдзельніка грамадзка-палітычнай накіраванасьці з прыцягненьнем грамадзкай увагі да палітычнай сытуацыі ва Ўкраіне».

Сьвята праходзіла ў Гомлі 27 чэрвеня, але міліцыя разагнала ўдзельнікаў і тады затрымала адну з арганізатарак. Ала Караленка за дапамогу ў арганізацыі сьвята правяла 7 сутак у ІЧУ.

Палітвязень Павел Аўчароў, асуджаны на пяць гадоў калёніі, атрымаў яшчэ паўтара года

Суд Шклоўскага раёну Магілёўскай вобласьці (судзьдзя Аляксандар Тараканаў) прызнаў прыгаворанага да пяці гадоў калёніі палітвязьня Паўла Аўчарова вінаватым па ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэксу (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы), паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Аўчарову прысудзілі яшчэ паўтара года калёніі, цяпер агульны тэрмін зьняволеньня — шэсьць з паловай гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Аліневіча пасьля 30 дзён у ШЫЗА перавялі ў ПКТ; Гундар сёмы дзень трымае сухую галадоўку ў карцары

За рэпост 5-гадовай даўнасьці — штраф у 960 рублёў

У горадзе Янаў 22 чэрвеня суд разгледзеў справу паводле артыкула 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) за рэпост, зроблены 5 гадоў таму. Цяпер вынікі сталі вядомыя «Берасьцейскай Вясьне».

Паводле рашэньня суду, 27 сакавіка 2017 году Мікалай Б. зрабіў на сваёй фэйсбук-старонцы рэпост з Радыё Свабода. Гэта выявілі 26 траўня 2022 году. Судзьдзя Кудласевіч прызначыў Мікалаю 30 базавых велічынь штрафу (960 рублёў) за «захоўваньне з мэтай распаўсюджваньня экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Трэцяга сьнежня 2021 году суд прызнаў фэйсбук-старонку Радыё Свабода экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Два гады калёніі за рэпост камэнтара ў справе Зельцара

Менскі абласны суд прызнаў вінаватым 31-гадовага жыхара Салігорску паводле ч.1 арт.130 КК (распальваньне сацыяльнай варажнечы па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасьці) і 369 (абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў). Мужчыну прысудзілі пазбаўленьне волі на два гады з штрафам 3,2 тысячы рублёў, паведамляе Генэральная пракуратура.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», гаворка ідзе пра палітвязьня Віталя Лойку.

Згодна з абвінавачаньнем, 29 верасьня 2021 году Лойка са свайго мабільнага тэлефона разьмясьціў у публічным тэлеграм-чаце рэпост публікацыі са зьместам «час выносіць сьмецьце» з выявай «датычнага да тэрарыстычнай дзейнасьці Зельцара А.Ю. са стрэльбай у руках, які зьдзейсьніў злачынства ў дачыненьні да супрацоўніка Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь», паведамляе Генэральная пракуратура.

У судзе Лойка вінаватым сябе не прызнаў, ад дачы паказаньняў адмовіўся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Удаву Зельцара вызвалілі ад крымінальнай адказнасьці і прысудзілі прымусовае лячэньне

Жыхара Полацку за абразы супрацоўнікаў МУС асудзілі другі раз

Суд гораду Полацку і Полацкага раёну вынес прысуд Ігару Іванову, якога абвінавацілі ў абразе супрацоўнікаў міліцыі і супрацоўнікаў Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў (арт. 369 КК). Справу разглядала судзьдзя Раіса Штуро, дзяржаўны абвінаваўца — памочнік пракурора Кацярына Кабачэўская, піша «Вясна».

Паводле матэрыялаў абвінавачваньня, Іваноў разьмясьціў у тэлеграм-чаце абразьлівыя камэнтары ў адрас першага намесьніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС. Ён жа ў іншых каналах абразіў некалькі супрацоўнікаў міліцыі, разьмясьціўшы фатаздымкі зь ненарматыўнымі надпісамі.

Падчас допыту абвінавачанага ў судзе высьветлілася, што 7 чэрвеня 2022 году суд Полацкага раёну ўжо асудзіў Іванова за абразу прадстаўнікоў улады на 2,5 года абмежаваньня волі.

У выніку суд пастанавіў прызнаць Іванова вінаватым і пакараў яго трыма гадамі «хатняй хіміі» і штрафам у памеры 2880 рублёў. Таксама суд задаволіў кампэнсацыі маральнай шкоды чатыром пацярпелым па 1000 рублёў кожнаму.

Затрымалі інжынэра Playtika Руслана Пятровіча і бізнэс-аналітыка Itexus Дар’ю Фамічонак

Пра гэта паведамляе рэсурс dev.by, які спэцыялізуецца на IT-сфэры, са спасылкай на праўладныя тэлеграм-каналы. Адзначаецца, што гэта адбылося яшчэ 8 ліпеня. На «пакаяльным» відэазапісе Пятровіч кажа, што ў жніўні 2020 году нібыта ўдзельнічаў у мітынгах. Фамічонак прамаўляе падобны тэкст.

Затрыманьні ў Янаве

У Янаве сёньня раніцай затрымалі настаўніцу Алену Пуцыковіч, якая адбывае «хатнюю хімію» за два рэпосты з інфармацыяй пра міліцыянтаў. Паводле суседзяў, пры затрыманьні былі чуваць стрэлы — міліцыянты маглі страляць у сабаку, бо пазьней каля дома стаялі хуткая і вэтэрынарная дапамога. Раней мясцовыя сілавікі ўжо пагражалі стральбой у сабак, піша «Вясна».

Затрыманьняў у горадзе сёньня шмат, ужо вядомыя прозьвішчы чацьвярых затрыманых, сярод якіх, паводле папярэдняй інфармацыі, былы міліцыянт. Вядома, што перадачы для затрыманых не бяруць — дазваляюць перадаць толькі лекі.

Пазьней праваабаронцам стала вядома, што сёньня ў Янаве таксама затрымалі Тамару Падымаку і Марыну Кіявец.

Менскага сьлесара затрымалі за бойку зь сілавіком у мэтро ў 2020 годзе

У праўладных каналах зьявілася «пакаяльнае» відэа зь ім. На відэа мужчына кажа, што ўдзельнічаў у масавай бойцы на эскалятары на станцыі мэтро і нанёс супрацоўніку міліцыі цялесныя пашкоджаньні.

26 кастрычніка 2020 году ў Менску праходзілі стыхійныя кропкавыя акцыі пратэсту, якія жорстка разганялі сілавікі. Сілавік у цывільным, бронекамізэльцы, шаломе і масцы забег у мэтро за маладым чалавекам — магчыма, гэта быў адзін з пратэстоўцаў. На плятформе сілавік, размахваючы дубінкай, паспрабаваў затрымаць яго. Убачыўшы гэта, мужчыны ў мэтро сталі крычаць «Адбівайце». І хлопца сапраўды адбілі. Пачалася бойка. Вырваўшыся, сілавік пабег да эскалятара, некалькі мужчын кінуліся за ім. Ён спатыкнуўся на прыступках і, здаецца, атрымаў некалькі ўдараў. Пасьля гэтага мужчыны вярнуліся на плятформу, а сілавік пабег уверх па эскалятары.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Мацкевіч адмовіўся ад апэляцыі на прысуд, пакараньне анархістам пакінулі бязь зьменаў