23 чэрвеня філёзафа і мэтадоляга Ўладзімера Мацкевіча асудзілі на 5 гадоў узмоцненага рэжыму. Ад апэляцыі на вынесены яму прысуд палітзьняволены адмовіўся.
«Уладзімір Мацкевіч не падаваў апэляцыйнай скаргуі, бо, зьвярнуўшыся са скаргай, і ўскосна, і прама прызнаў бы наяўнасьць у краіне справядлівага суду і магчымасьці дабіцца праўды. Але гэта ня так. Тое, што называецца судом у Беларусі, ёсьць толькі канцылярыя рэпрэсіўных органаў», — паведамілі паплечнікі Мацкевіча.
Паводле іх інфармацыі, Уладзімер па-ранейшаму знаходзіцца ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску, адчувае сябе нармальна, упэўнены ў сваёй пазыцыі, як і ў тым, што «спачатку мысьленьне становіцца свабодным, затым яно робіць свабодным усё астатняе».
Мацкевіча затрымалі ў жніўні 2021 году. Яму выставілі канчатковае абвінавачаньне паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) — за «Марш народнага ўльтыматуму» 25 кастрычніка;
- ч. 1 арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня) — за плятформу «Сход»;
- ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) — за відэазапіс на YouTube-канале.
У лютым, патрабуючы зьмяніць меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе, завяршыць сьледчыя дзеяньні і прызначыць дату судовага разбору, Уладзімер Мацкевіч трымаў 14-дзённую галадоўку. Да яго доўгі час не пускалі пастара і адваката.
Прысуды чатыром анархістам пакінулі бязь зьменаў. Неўзабаве іх накіруюць у калёніі
Вярхоўны суд 12 ліпеня ў закрытым рэжыме разглядзеў апэляцыйную скаргу анархістаў Аляксандра Бялова, Яўгена Рубашкі, Арцёма Дзьмітрыевіча Салаўя і Арцёма Сяргеевіча Салаўя.
Судзьдзя Юры Руткоўскі пастанавіў пакінуць прысуды без зьменаў, паведамляе «Вясна». Днямі палітвязьняў этапуюць у калёніі.
22 красавіка суд прызнаў анархістаў вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 КК і ч. 3 арт. 361-1 КК і прызначыў Аляксандру Бялову, Яўгену Рубашку, Арцёму Дзьмітрыевічу Салаўю — па пяць гадоў калёніі агульнага рэжыму, Арцёму Сяргеевічу Салаўю — 4,5 года калёніі агульнага рэжыму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ІТ-спэцыяліст, геадэзіст і два поўныя цёзкі: у Менску судзяць актывістаў анархісцкага руху