Берасьцейскі абласны суд пачаў разглядаць крымінальную справу палітзьняволенага журналіста Юрыя Ганцарэвіча, паведамляе «Вясна».
Яго абвінавачваюць у садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці (ч. 1 арт. 361-4 КК). Справу разглядае судовая калегія пад старшынствам Мікалая Грыгаровіча.
Прадстаўнік дзяржаўнага абвінавачаньня папрасіў пакараць журналіста 2,5 гадамі калёніі, паведамляе БАЖ. Ён сказаў, што Ганцарэвіч, «маючы намер на садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці адправіў у бот тэлеграм-канала «Радыё Свабода» «фотавыявы вайсковай авіятэхнікі, якая знаходзіцца на тэрыторыі аэрадрома 61 зьнішчальнай авіяцыйнай базы, якая дысьлякуецца ў Баранавічах».
Сваю віну Ганцарэвіч у судзе прызнаў цалкам. На пытаньне, навошта ён зьдзейсьніў гэты ўчынак, абвінавачаны патлумачыў, што «хацеў паказаць, што ў бок Украіны лётаюць не беларускія самалёты, а расейскія, хацеў даказаць, што Беларусь ня ўдзельнічае ў ваенных дзеяньнях».
Журналіста Intex-press Юрыя Ганцарэвіча затрымалі 27 красавіка. Пасьля выстаўленьня абвінавачаньня паводле арт. 361-4 КК («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») яго перавялі ў Баранавіцкае СІЗА № 6. У гэтым артыкуле максымальнае пакараньне — да 6 гадоў зьняволеньня.
Тыдзень пасьля затрыманьня Ганцарэвіча праўладныя прапагандысцкія каналы распаўсюдзілі відэа ягонага допыту і паведамілі, што маладога чалавека затрымалі за тое, што нібыта фатаграфаваў расейскую вайсковую тэхніку і дасылаў фатаздымкі ў незалежныя мэдыя Zerkalo.io і Радыё Свабода.
Паколькі раней улады прызналі вядучыя беларускія незалежныя мэдыя «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» (выданьне Zerkalo.io, у адрозьненьне ад Радыё Свабода, ня мае такога статусу), цяпер журналіста абвінавацілі менавіта ў садзейнічаньні такому «фармаваньню».
24 чэрвеня стала вядома, што крымінальную справу журналіста перадалі ў Берасьцейскі абласны суд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У рэдакцыі баранавіцкага выданьня Intex-press адбыўся ператрус па справе аб «экстрэмізьме»