У МУС пракамэнтавалі законапраект пра абмежаваньні на выезд за мяжу

Аляксей Бягун

Начальнік Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун у эфіры тэлеканала «Беларусь-1» запэўніў, што ніхто не гаворыць аб масавым абмежаваньні нейкіх правоў беларусаў за выезд за мяжу.

Урад падрыхтаваў праект закону, які прадугледжвае абмежаваньні на выезд для пэўных груп грамадзян. Цяпер у Міністэрстве ўнутраных спраў пракамэнтавалі законапраект.

«Уводзяцца дадатковыя падставы і абмежаваньні права грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на выезд за мяжу — гэта ў інтарэсах нацыянальнай бясьпекі. Але гэта часовыя абмежаваньні, і яны будуць дзейнічаць цягам 6 месяцаў. Права грамадзяніна можа быць абмежавана, калі ён прыцягнуты за адміністрацыйнае парушэньне ў галіне парадку кіраваньня. І для таго, каб забясьпечыць спагнаньне штрафу», — паведаміў Бягун.

Паводле яго, ніхто не гаворыць аб масавым абмежаваньні правоў беларусаў на выезд за мяжу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады зьбіраюцца зрабіць больш строгімі ўмовы выезду зь Беларусі. Каго гэта можа зачапіць?

Паводле законапраекту, КДБ зможа абмежаваць выезд ня толькі для тых, хто стаіць на прафіляктычным уліку ў органах дзяржаўнай бясьпекі, але і тым, чый «выезд супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь». Ён можа ўводзіцца на тэрмін да паўгода. Якія грамадзяне і на якіх падставах будуць трапляць у гэтую катэгорыю, не паведамляецца.

Выезд сілавікоў плянуецца толькі з дазволу кіраўніцтва і са здачай біямэтрычных пашпартоў, хаця пэўныя абмежаваньні на перасоўваньні афіцыйна або негалосна для гэтай катэгорыі асоб уводзілі і раней.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы заявілі, што электронная сыстэма аховы на мяжы зь Беларусьсю ахопіць месцы, дзе ня ставілі 5-мэтровы паркан
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы від на жыхарства атрымалі больш за 50 тысяч грамадзян Беларусі