У Тэгеране арыштаваны ўладальнік мноства сусьветных кінапрэмій, рэжысэр і мясцовы апазыцыянэр Джафар Панахі. Паведамляецца, што яго затрымалі ў будынку іранскай пракуратуры, куды ён прыйшоў, каб даць паказаньні па справе іншага рэжысэра, раней арыштаванага Мухамада Расулафа.
Джафар Панахі — адзін з самых вядомых у сьвеце іранскіх кінэматаграфістаў. У 1995 годзе ён атрымаў прыз «Залатая камэра» Канскага кінафэстывалю за фільм «Белы шар», праз два гады — прыз «Залаты леапард» кінафэстывалю ў Лякарна за фільм «Люстэрка», у 2000 годзе стаў уладальнікам «Залатога льва» Вэнэцыянскага кінафэстывалю за фільм «Кола», а ў 2015 быў уганараваны прэміяй «Залаты мядзьведзь» у Бэрліне за фільм «Таксі».
У 2010 годзе Панахі быў арыштаваны за ўдзел у антыўрадавых акцыях. Некалькі гадоў ён знаходзіўся пад хатнім арыштам, але працягваў здымаць кіно.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Іране арыштавалі замежных дыпляматаў праз падазрэньне ў шпіянажы