Зяленскі ўнёс у Раду законапраект аб наданьні палякам асобага статусу ва Ўкраіне

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда наведвае Барадзянку пад Кіевам у красавіку 2022

Пра гэта паведаміў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда.

Падрабязнасьці законапраекту аб «асобым статусе палякаў» ва Ўкраіне:

Грамадзяне Польшчы і іх дзеці змогуць легальна жыць і працаваць ва Ўкраіне на працягу 18 месяцаў, а таксама:

  • весьці бізнэс,
  • навучацца ў адукацыйных установах,
  • атрымліваць мэдычнае абслугоўваньне нароўні з украінскімі грамадзянамі,
  • атрымліваць асобныя сацыяльныя выплаты ў адпаведнасьці з заканадаўствам Украіны,
  • навукоўцы і пэдагогі змогуць працаваць у ВНУ,
  • мэдычныя працаўнікі – працаваць у мэдычных установах.

Гэты закон прапанаваны ў адказ на прыняцьце Польшчай Закону ад 12 сакавіка 2022 аб дапамозе грамадзянам Украіны ў сувязі з узброеным канфліктам, які пачаўся 24 лютага 2022.

– Вы бачыце адваротную сытуацыю ад той, калі ад палякаў любой цаной імкнуліся пазбавіцца, пазбаўлялі іх жыцьця. Сёньня Ўкраіна гэтым учынкам і жэстам прэзыдэнта робіць сымбалічнае запрашэньне: «Вы тут вітаныя на асобых правах». Няхай гэта будзе знакам і для нас ва ўсіх тых пытаньнях, пра якія часам цяжка гаварыць, – сказаў Анджэй Дуда падчас выступу ў дзень памяці ахвяр Валынскай разьні, перадае «Польскае радыё».

  • Валынская разьня – зьнішчэньне падчас нямецкай акупацыі Валыні дзясяткаў тысяч польскіх цывільных жыхароў. Гісторыкі вядуць дыскусіі адносна ступені адказнасьці ўкраінскіх нацыяналістаў (Ўкраінскай паўстанцкай арміі УПА) за гэтыя забойствы. Масавае зьнішчэньне этнічнага польскага цывільнага насельніцтва на тэрыторыі Валыні, якая да верасьня 1939 знаходзілася пад Польшчай, пачатае ў сакавіку 1943, дасягнула піку ў ліпені таго ж году. Дзеяньні польскага боку ў адказ, пачатыя з канца лета 1943, прывялі да значных ахвяр сярод украінскага цывільнага насельніцтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Учора брат, а сёньня — вораг. Колькі часу спатрэбіцца, каб паміж беларусамі і ўкраінцамі ўсё стала «як раней»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачобут пра Бандэру: Герой для аднаго народа не абавязкова зьяўляецца героем для іншага