Мікалай Аўтуховіч падчас сёньняшняга паседжаньня паскардзіўся, што яму перадаюць лісты толькі ад маці, і паведаміў, што не атрымлівае газэт.
На знак пратэсту зьняволены заявіў, што абвяшчае сухую галадоўку. Пра гэта стала вядома з тэлеграм-каналу журналісткі «СБ» Людмілы Гладкай.
Раней, 29 чэрвеня, сухую галадоўку на знак пратэсту супраць няспынных зьдзекаў сілавікоў і парушэньня сваіх правоў распачаў і 61-гадовы Ўладзімер Гундар. 9 ліпеня пасьля вызваленьня з карцару, куды яго зьмясьцілі на 10 сутак, Гундар пачаў піць ваду, але галадаваць працягвае, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
61-гадовы Ўладзімер Гундар — адзін з абвінавачаных у «акце тэрарызму», праходзіць па «справе Аўтуховіча». Ён інвалід II групы, праз хваробу ня мае нагі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інваліда II групы Ўладзімера Гундара зьмясьцілі ў карцар на 10 дзён. Ужо трэці дзень ён трымае сухую галадоўкуРаней дачка Гундара Інга Стромская паведамляла, што фігурантаў перад паседжаньнем прымушаюць цалкам распранацца, а іхняе адзеньне прасьвечваюць рэнтгенам. Вязьні мяркуюць, што насіць яго пасьля гэтага шкодна для здароўя.
Таксама сваякі Гундара заяўлялі, што за нязгоду зьняць адзеньне на «прасьвечваньне» рэнтгенам перад уваходам у судовую залю да Ўладзімера Гундара прымянялі катаваньні — на адно з паседжаньняў суду палітзьняволенага прывялі ў адных майтках, а ягоныя рукі сілавікі прышпілілі да кратаў клеткі ў расьцяжцы.
11 ліпеня стала вядома, што Ўладзімера Гундара зноў прывялі на працэс толькі ў ніжняй бялізьне, каб ён «у вопратцы не схаваў чагосьці вострага і наўмысна не нашкодзіў сабе», піша «Мэдыязона» са спасылкай на жонку Гундара.
Таксама праваабаронцам стала вядома, што пакуль палітзьняволены знаходзіўся ў карцары, яму кожны дзень рабілі ўкол з абязбольвальным з прычыны моцнага болю ў сьпіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Моцна схуднеў, становіцца шэрым». Інвалід II групы Гундар 8-ы дзень трымае сухую галадоўку ў карцарыГалоўнае пра «справу Аўтуховіча»
Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 сьнежня 2020 году. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.
Спачатку Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам». Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 — «Акт тэрарызму», які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў. Некаторым з абвінавачаных інкрымінавалі частку 3 гэтага ж артыкулу, паводле якой пагражала сьмяротнае пакараньне.
Частка 3 артыкулу 289 прадугледзваецца, калі акты тэрарызму «учыненыя арганізаванай групай, або з прымяненьнем аб’ектаў выкарыстаньня атамнай энэргіі, або з выкарыстаньнем радыяактыўных рэчываў або ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксычных хімічных або біялягічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека».
Разгляд «справы Аўтуховіча» цягнуўся 5 месяцаў. Працэс праходзіў у горадзенскай турме.
Падчас працэсу падсудныя неаднаразова заяўлялі пра ціск і катаваньні з боку сілавікоў і адміністрацыі турмы. Сярод іншага фігуранты заяўлялі, што справа супраць іх сфабрыкаваная.
Працэс вёў судзьдзя Максім Філатаў, які знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу. Ён вядомы тым, што асудзіў на 5 год зьняволеньня актывіста зь Бярозаўкі Вітольда Ашурка, які пазьней пры нявысьветленых абставінах загінуў у шклоўскай калёніі.
17 кастрычніка 2022 году Філатаў вынес выракі:
- Мікалаю Аўтуховічу — 25 гадоў зьняволеньня (першыя 5 гадоў у турме, 20 гадоў — у калёніі строгага рэжыму), штраф 1000 базавых велічынь і пазбаўленьне званьня прапаршчыка ў адстаўцы.
- Уладзімеру Гундару — 18 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Паўлу Саву — 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Вользе Маёравай — 20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Віктару Сьнегуру — 19 гадоў калёніі строгага рэжыму.
- Галіне Дзербыш —20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Любові Разановіч — 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Сяргею Разановічу — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Павал Разановіч — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Ірыне Мельхер — 17 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Ірыне Гарачкінай — 6 год і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму.
- Антону Мельхеру — 2,5 гады калёніі агульнага рэжыму.