Беларускія ўлады хочуць пакрыць сеткай прасек Палескі радыяцыйна-экалягічны запаведнік, паведамляе выданьне «Флагшток».
Тэндэр прадугледжвае высечку дрэваў для арганізацыі 104 кілямэтраў прасек шырынёй па 100 мэтраў.
Усё гэта плянуецца правесьці да канца 2022 году за грошы «Саюзнай дзяржавы». Кошт работ ацэньваецца ў 680 тысяч даляраў.
Афіцыйнай прычынай называецца «зьніжэньне рызыкаў трансгранічных пераносаў радыёактыўных элемэнтаў пры надзвычайных сытуацыях на радыёактыўна забруджаных тэрыторыях дзяржаў — удзельніц Саюзнай дзяржавы і павышэньне апэратыўнасці пры іх ліквідацыі». Якога кшталту надзвычайныя сытуацыі могуць адбыцца ў запаведніку ці непадалёк ад яго, улады не ўдакладняюць.
Рэгіёны, якія асабліва пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС, мяжуюць з Украінай. У лютым і сакавіку расейскія войскі ўрываліся ва Ўкраіну празь іх, у тым ліку войскі праходзілі праз Палескі радыялягічны запаведнік і захапілі ЧАЭС. Больш як месяц сваёй акупацыі Чарнобыльскай АЭС і зоны адчужэньня расейскія войскі знаходзіліся ў найбольш небясьпечным месцы з пункту гледжаньня радыяцыйнага заражэньня і атрымалі гадавую дозу апраменьваньня.
У красавіку наведваньне лясоў у раёнах уздоўж мяжы ў Берасьцейскай і Гомельскай абласьцях было забаронена або абмежавана.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ўпершыню за дзесяцігодзьдзі ў гадавіну аварыі на ЧАЭС не паехаў у пацярпелыя ад радыяцыі раёны. Прычынай назваў не вайну, а дажджы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія салдаты месяц жылі ў акопах у найбольш небясьпечным месцы каля ЧАЭС. ФОТА і ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў: Выкрадзеную спэцтэхніку з зоны адчужэньня ЧАЭС і байцоў Нацгвардыі ўтрымліваюць у Беларусі і Расеі