Прэзыдэнт Шры-Лянкі сыдзе ў адстаўку, заявіў сьпікер парлямэнту краіны

Пратэст у Калёмба, 9 ліпеня 2022

Прэзыдэнт Шры-Лянкі Гатабая Раджапакса, рэзыдэнцыю якога ў найбуйнейшым горадзе краіны, Калёмба, у суботу захапілі ўдзельнікі шматтысячных пратэстаў, 13 ліпеня сыдзе ў адстаўку. Пра гэта ўвечары 9 ліпеня ў відэазвароце заявіў сьпікер парлямэнту.

Раней сёньня пратэстоўцы ў Калёмба падпалілі прыватную рэзыдэнцыю прэм'ер-міністра, які падаў у адстаўку.

У пратэстах удзельнічаюць дзясяткі тысяч чалавек, у тым ліку якія прыехалі ў горад зь іншых рэгіёнаў. Прадстаўнікі ўладаў заявілі AFP, што частка ўдзельнікаў была «зьвезеная» ў горад. У Калёмба ўвечары 8 ліпеня абвясьцілі камэнданцкую гадзіну, яна не выконваецца.

Сама меней 39 чалавек, у тым ліку двое паліцыянтаў, атрымалі раненьні і былі шпіталізаваныя падчас пратэстаў, паведамілі Reuters у шпіталях.

Пратэсты на Шры-Лянцы працягваюцца з пачатку 2022 году. Падчас пратэстаў ужо восем чалавек загінулі, больш за 200 пацярпелі.

Эканоміка краіны перажывае найбуйнейшы крызіс у сучаснай гісторыі. У гарадах адзначаецца дэфіцыт паліва, лекаў, некаторых прадуктаў, валютныя рэзэрвы цалкам вычарпаныя. Улады абвінавачваюць у гэтым пандэмію каранавіруснай інфэкцыі, якая прывяла да зьніжэньня турызму, а ён зьяўляўся асноўнай крыніцай валютных паступленьняў.