Пратэстоўцы на Шры-Лянцы падпалілі рэзыдэнцыю прэм'ер-міністра

Пратэст у Калёмба, 9 ліпеня 2022

У найбуйнейшым горадзе Шры-Лянкі Калёмба пратэстоўцы падпалілі прыватную рэзыдэнцыю прэм'ер-міністра, які падаў у адстаўку. Раней пратэстоўцы захапілі рэзыдэнцыю прэзыдэнта. У горадзе адбываюцца сутыкненьні дэманстрантаў і паліцыі.

Таксама пратэстоўцы прарваліся праз мэталічныя вароты ў Міністэрства фінансаў краіныі офіс прэзыдэнта, паведамляе Reuters.

У пратэстах удзельнічаюць дзясяткі тысяч чалавек, у тым ліку якія прыехалі ў горад зь іншых рэгіёнаў. Прадстаўнікі ўладаў заявілі AFP, што частка ўдзельнікаў была «зьвезеная» ў горад. У Калёмба ўвечары 8 ліпеня абвясьцілі камэнданцкую гадзіну, яна не выконваецца.

Сама меней 39 чалавек, у тым ліку двое паліцыянтаў, атрымалі раненьні і былі шпіталізаваныя падчас пратэстаў, паведамілі Reuters у шпіталях.

Прэм'ер-міністар Раніл Вікрамасінгхе склікаў экстраную нараду лідэраў палітычных партый Шры-Лянкі для абмеркаваньня крызісу. Лідэры палітычных партый Шры-Лянкі падчас нарады вырашылі, што прэзыдэнт краіны Гатабая Раджапакса павінен пайсьці ў адстаўку, паведамляе Newswire.

Былы амбасадар Шры-Лянкі ў Расеі Удаянга Віратунга, які знаходзіцца ў Калёмба, заявіў ТАСС, што прэзыдэнт, верагодна, ужо пакінуў краіну на самалёце. Аб гэтым жа паведамляюць некаторыя мясцовыя СМІ, але афіцыйна гэтая інфармацыя пакуль не пацьверджаная.

Прэм'ер Шры-Лянкі заявіў пра гатоўнасьць сысьці ў адстаўку пасьля фармаваньня новага ўраду краіны, піша Reuters са спасылкай на заяву ягонага офісу.

Пратэсты на Шры-Лянцы працягваюцца з пачатку 2022 году. Падчас пратэстаў ужо восем чалавек загінулі, больш за 200 пацярпелі.

Эканоміка краіны перажывае найбуйнейшы крызіс у сучаснай гісторыі. У гарадах адзначаецца дэфіцыт паліва, лекаў, некаторых прадуктаў, валютныя рэзэрвы цалкам вычарпаныя. Улады абвінавачваюць у гэтым пандэмію каранавіруснай інфэкцыі, якая прывяла да зьніжэньня турызму, а ён зьяўляўся асноўнай крыніцай валютных паступленьняў.