ААН: і расейскія, і ўкраінскія войскі вялі баявыя дзеяньні з цывільных аб'ектаў, дзе былі мірныя жыхары

У ходзе вайны ва Ўкраіне і расейскія, і ўкраінскія войскі займалі пазыцыі ў жылых кварталах і паблізу цывільных абʼектаў, і пры гэтым належным чынам не абаранялі прысутных там мірных жыхароў – нягледзячы на тое, што гэтага патрабуе Міжнароднае гуманітарнае права. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, выпушчаным у канцы чэрвеня.

Выкарыстаньне «жывых шчытоў» падчас ваенных дзеяньняў забаронена артыкулам 28 Жэнэўскай канвэнцыі IV і артыкулам 51(7) Дадатковага пратакола I, падкрэсьліваецца ў дакладзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Васіль «Сябро» Парфянкоў, Васіль «Атам» Грудовік, Вадзім «Папік» Шатроў. Што вядома пра зьніклых пад Лісічанскам беларусаў

У дакладзе прыводзіцца некалькі прыкладаў такіх выпадкаў.

У пачатку сакавіка ўкраінскія вайскоўцы занялі дом для пажылых людзей у пасёлку Старая Красьнянка ў Луганскай вобласьці. Яго кіраўніцтва неаднаразова зьвярталася да мясцовых уладаў з просьбай аб эвакуацыі, але ўкраінскія ўлады адказвалі, што гэта немагчыма: дарогі вакол замінаваныя. Пазьней расейцы ўдарылі па будынку і там пачаўся пажар. Паведамлялася, што пасьля ўдару ў жывых засталіся толькі 22 пацыенты з 71.

Іншы прыклад з дакладу – пасёлак Ягаднае ў Луганскай вобласьці. Там расейскія войскі загналі 360 чалавек у склеп школы, будынак якой занялі. Людзі вымушаны былі жыць у падвале амаль месяц, за гэты час 10 пажылых людзей памерлі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пазьняк заклікаў вайскоўцаў павярнуць зброю супраць улады, калі ім загадаюць ваяваць з Украінай

І расейскія, і ўкраінскія вайскоўцы рэгулярна абвінавачваюць адзін аднаго ў выкарыстаньні мірных жыхароў у якасьці «жывых шчытоў». Расейскія вайскоўцы ў прыватнасьці абвінавачвалі Кіеў у тым, што ВСУ выкарыстоўвалі марыюпальскі радзільны дом №2 у якасьці базы для сваіх вайскоўцаў. Расейскія вайскоўцы нанесьлі авіяўдар магутнай бомбай па радзільным доме ў Марыюпалі 9 сакавіка 2022 году: у выніку яго памерла парадзіха і былі параненыя некалькі мірных жыхароў, якія ўсё яшчэ заставаліся ў будынку. Украінскія вайскоўцы кажуць, што ніякай іх базы ў радзільным доме не было.