Міністэрства культуры Ўкраіны прапануе забараніць увоз любых кніг з Расеі і Беларусі

Ілюстрацыйнае фота

Ва Ўкраіне патрабуюць забараніць увоз літаратуры на любой мове з Расеі, Беларусі і часова акупаваных тэрыторый Украіны.

Пра такую прапанову Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі 8 ліпеня на брыфінгу паведаміў кіраўнік ведамства Аляксандар Ткачэнка.

«Было шмат размоваў і пытаньняў адносна ўвозу расейскай кніжнай прадукцыі з Расейскай Фэдэрацыі і Беларусі на тэрыторыю Ўкраіны. Хачу растлумачыць пазыцыю Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі: мы выступаем за забарону ўвозу з тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусь любой кніжнай прадукцыі, прычым ня толькі на расейскай мове, але і ўсіх кніг на любой мове», — цытуе міністра «Ўкраінская праўда».

Але друкаваньне кніг на расейскай мове ва Ўкраіне, адзначыў Ткачэнка, забараняць ня будуць, бо гэта адно з правоў і свабодаў, гарантаваных Канстытуцыяй Украіны.

У чэрвені Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла закон, які забараняе ўвоз кніг на расейскай мове з тэрыторыі Расеі і Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне забаранілі расейскую музыку і ўвоз кніг, выдадзеных па-расейску ў Беларусі