Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў назваў верагодныя, на ягоную думку, сцэнары завяршэньня вайны. Пра гэта ён расказаў падчас канфэрэнцыі Forbes «Будуем разам».
- «Першы сцэнар будзе прыкладна такі ж, як і быў: „добрая воля“ расейцаў, пра якую яны заявілі, калі ўцякалі з Кіеўшчыны, Чарнігаўшчыны, Сумшчыны і вострава Зьмяінага. Я думаю, што ён будзе падзелены на некалькі ланцужкоў. Спачатку мы выйдзем на пазыцыі да 24 лютага бягучага году. Далей пойдуць размовы пра статус раней акупаваных Данецкай і Луганскай абласьцей і Крыму. І мы будзем весьці гэтыя перамовы за сталом з нашымі магутнымі партнэрамі. Ні Менску-3, ні капітуляцыйных пагадненьняў ня будзе, і з руляй каля скроні ніхто ня будзе весьці перамовы», — сказаў ён.
- Другі варыянт, паводле міністра, — паступовае зьнішчэньне праціўніка: «вайна рэсурсаў супраць рэсурсаў».
«Сьвет паверыў, што мы з вамі можам перамагчы, і мы ўжо перамагаем. Уявіце, які рэсурс яны выкідваюць, а прасунуліся на дзясяткі кілямэтраў. Таму другі варыянт перамогі можа быць не такі хуткі. Не да канца гэтага году, а, магчыма, на пачатку наступнага, але я бачу гэта так», — дадаў ён.
- Трэці магчымы сцэнар заканчэньня вайны, як лічыць Рэзьнікаў, больш драматычны для РФ.
«Развал Расейскай Фэдэрацыі — гэта парад сувэрэнітэтаў на некалькі розных суб’ектаў — Татарстан, Башкартастан і гэтак далей. Мы з вамі абавязкова гэта ўбачым пры жыцьці, але гэта крыху доўгатэрміновая гісторыя», — сказаў украінскі міністар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі расказаў, як жыве сям’я падчас вайны: «Маім дзецям, як і ўсім дзецям ва Ўкраіне, давялося хутка пасталець»