Суд ва Ўкраіне арыштаваў актывы ўкраінскіх прадпрыемстваў, якія належаць расейскім кампаніям «Роснефть», «Газпром» і «Росатом». Агульны кошт актываў склаў больш за два мільярды грыўняў (больш за 70 мільёнаў даляраў).
З ініцыятывы Службы бясьпекі Ўкраіны арыштаваныя карпаратыўныя правы і нерухомасьць 11 прадпрыемстваў, канчатковыя бэнэфіцыяры якіх — расейскія дзяржаўныя карпарацыі. Таксама накладзены арышт на 46 аб’ектаў нерухомасьці.
У паведамленьні прэс-службы СБУ гаворыцца, што ў дачыненьні да гэтых прадпрыемстваў праваахоўныя органы працягваюць крымінальныя справы паводле артыкулаў «дывэрсія» і «плянаваньне, падрыхтоўка, разьвязваньне і вядзеньне агрэсіўнай вайны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявілася першая рэакцыя аднаго з расейскіх мільярдэраў на санкцыі за вайну: «Алігархі ня маюць уплыву на Пуціна»- 16 траўня Бюро эканамічнай бясьпекі Ўкраіны абвясьціла пра арышт актываў кампаніі расейскага алігарха на 12 мільярдаў грыўняў (350 мільёнаў даляраў). Імя алігарха ў паведамленьні не раскрывалася. Пазьней у прэс-службе ўкраінскага Альфа-банку выданьню «Экономическая правда» пацьвердзілі, што гаворка ідзе пра актывы Міхаіла Фрыдмана. Таксама арышт накладзены на актывы прадпрыемства «Моршынскае», якое належыць IDS Group Фрыдмана.