Згодна з рэпартажам, сілавікі і ўлады далі магчымасьць выехаць сыну і бацьку зь Беларусі, нягледзячы на тое, што іх намеры беларускім спэцслужбам былі загадзя вядомыя.
У сюжэце паказана, што сілавікі да апошняга сачылі за рухамі супрацоўнікаў амбасады і дыпляматычным аўто, у якім везьлі Кузьнечыкаў, пакуль не атрымалі загад: «Першы» даў каманду адпускаць, ідзём на базу, ДАІ здымаю». Тым самым дзяржаўныя журналісты ўскосна далі зразумець, што нібыта бяз згоды ўладаў абвінавачаныя ў «палітычных справах» уцячы не змаглі б, нават пад прыкрыцьцём дыпляматаў.
Уладзіслаў і Віталь Кузьнечыкі ў інтэвію «Нашай Ніве» адрэагавалі на такую вэрсію падзей.
«Мы сьмяяліся ў лягеры па некалькі разоў, пераглядаючы сюжэт», — пракамэнтаваў Уладзіслаў Кузьнечык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Кузьнечыкі ўцяклі з пасольства Швэцыі. Відэа«Насамрэч я ведаю ад знаёмых, што целарухі невядомых людзей каля швэдзкай амбасады ў Менску, дзе мы жылі год і дзевяць месяцаў, пачаліся толькі пасьля нашага першага інтэрвію СМІ — пасьля нашай сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай. Некалькі дзён там невядомыя людзі вакол кружлялі, я ведаю гэта ад праверанай крыніцы, але не магу казаць, ад каго дакладна, каб не нашкодзіць. То бок службы даведаліся, што мы здолелі з бацькам уцячы за мяжу, пачыталі пра гэта ў мэдыя, паглядзелі відэаінтэрвію, даведаліся адтуль падрабязнасьці і на аснове гэтага зьнялі ўжо сюжэт для беларускага тэлебачаньня, — мяркуе Ўладзь. — Яны перагледзелі запісы з камэр відэаназіраньня, схамянуўшыся. Але ж бачна, што яны камэнтары пра тое, што сочаць за намі, наклалі на ўсё відэа пасьля», — патлумачыў Уладзіслаў Кузьнечык.
Паводле яго слоў, ніякага сачэньня за ім з бацькам заўважана не было.
«Калі яно было, то чаму яны не паказалі, куды мы дзеліся з машыны? Яшчэ сьмешна, што там зьяўляюцца турыстычныя дываночкі: у нас такіх не было, мы выяжджалі выключна з заплечнікамі, ежай на тры дні і зьменным адзеньнем. Калі б улады хацелі нас сапраўды адпусьціць, то зрабілі б гэта раней: пасол Швэцыі пад канец 2021 і на пачатку 2022 году некалькі разоў езьдзіла ў МЗС Беларусі, прасіла, каб нам дазволілі выехаць з краіны з гуманных меркаваньняў: для мэдычнага абсьледаваньня і лячэньня. У МЗС адмовілі: сказалі, што мы злачынцы, крымінальнікі».
Цяпер Уладзіслаў і Віталь Кузьнечыкі зьбіраюць грошы на сваё ўладкаваньне і лячэньне ў Латвіі: пакуль не атрымалі статусу ўцекачоў, яны ня могуць працаваць. Кожны ахвотны можа падтрымаць сям’ю і даслаць грошы на іх мэдабсьледаваньне і ежу з жытлом па спасылцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладзіслаў і Віталь Кузьнечыкі, якія амаль два гады жылі ў пасольстве Швэцыі, змаглі выехаць зь Беларусі