Уладзімір Парасюк лічыць, што беларускія вайскоўцы ў выпадку збройнага далучэньня да вайны, якую разьвязалі расейцы, будуць мець вялікія праблемы і ня будуць мець шанцаў на перамогу, пагатоў ня маючы ніякай матывацыі да вайны з украінцамі.
Паводле Парасюка, ёсьць шэраг прычын, чаму беларускім вайскоўцам ня варта ісьці ва Ўкраіну. Сярод іх адсутнасьць матывацыі для вайны і баявога досьведу ў беларускага войска, а таксама пазыцыя саміх украінцаў:
«Насельніцтва Заходняй Украіны — гэта вам не Данбас. Ніхто ня будзе з дурнымі поглядамі сядзець у хованках. Вас тут заколюць віламі, а з кожнай хаты вы атрымаеце толькі агонь. Гэты край ніколі ні перад кім не станавіўся на калені. І перад вамі ня стане. Валынскія лясы вас проста праглынуць... Вы будзеце толькі паміраць праз хворыя жаданьні вусатага прыдурка, які год за годам з вас зьдзекуецца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі: «Я ведаю, што народ Беларусі падтрымлівае Ўкраіну. Яны падтрымліваюць нас, дакладна нас, а не вайну»Парасюк узгадаў беларускіх ваяроў, якія ўжо змагаюцца на баку Ўкраіны, а многія — яшчэ з 2014 году, з пачатку баявых падзей на ўсходзе Ўкраіны. Ён заклікаў беларускіх вайскоўцаў далучацца да змаганьня за волю.
«Многія вашы землякі ўжо на нашым баку. Яны змагаюцца ня толькі за нашую незалежнасьць, але і за незалежнасьць Беларусі. Далучайцеся да іх, далучайцеся да нас. Разам мы хутчэй пераадолеем гэтае зло. Гэтыя два д’яблы — Лукашэнка і Пуцін — фактычна зьнішчылі вашу дзяржаўнасьць. Не дазвольце, каб яны зьнішчылі вашу ідэнтычнасьць. Ня трэба быць на баку зла».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мяне падрыхтавалі, што загіну за тры дні». Добраахвотнік «Біл» пра беларускую «бомж-армію», барыкады на «Пушкінскай» і прыемнае на вайнеРаней Лукашэнка спрыяў атацы на Ўкраіну расейскіх войскаў, паўнамаштабная вайна пачалася пасьля вучэньняў на тэрыторыі Беларусі. З тэрыторыі краіны вяліся абстрэлы ўкраінскай тэрыторыі, у якіх гінулі мірныя жыхары і вайскоўцы, якія сталі на абарону незалежнасьці Ўкраіны. Украінскія палітыкі і вайскоўцы неаднаразова зьвярталіся да грамадзян Беларусі з просьбамі змагацца з расейскай акупацыяй і не дапусьціць далейшага распальваньня вайны.
У Беларусі ўзьняўся антываенны рух — у прыватнасьці, актыўна дзейнічалі рэйкавыя партызаны, якія вывелі са строю некаторыя ўчасткі чыгункі, не дазволіўшы апэратыўна перакінуць расейскую вайсковую тэхніку на фронт. Дзясяткі беларусаў былі арыштаваныя за антываенную агітацыю і дэманстрацыю салідарнасьці з Украінай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-кіраўнік «Правага сэктару»: «Украіна абавязаная правесьці ваенную апэрацыю для вызваленьня Беларусі ад нацысцкага рэжыму Лукашэнкі» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Неакупаваная Беларусь: ці мае рацыю Ігар Тышкевіч?Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.