У судзе Баранавіцкага раёну і Баранавічаў пачалі разгляд крымінальнай справы Паўла Лінкевіча, абвінавачанага ў наўмысным прычыненьні цяжкага цялеснага пашкоджаньня супрацоўніку міліцыі (ч. 2 арт. 147 Крымінальнага кодэксу). Судовы працэс вядзе судзьдзя Мікалай Кміта, паведамляе «Вясна».
Па матэрыялах сьледзтва, у жніўні 2020 году ў Баранавічах 35-гадовы мужчына, седзячы за рулём бездарожніка, зрабіў наўмысны наезд на супрацоўніка органаў унутраных спраў, які ахоўваў грамадзкі парадак. У выніку сілавіку былі прычыненыя цяжкія цялесныя пашкоджаньні, зь якімі яго шпіталізавалі.
Кіроўцу абвясьцілі ў вышук. Калі ён вярнуўся з Польшчы 5 траўня 2022 году, яго затрымалі і зьмясьцілі пад варту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС паведамляе пра наезды на міліцыянтаў у Менску і БаранавічахУ Магілёве затрыманы прадпрымальнік Аляксандар Садавы
Прычынай затрыманьня, верагодна, стаў нібыта «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», аднак дакладнай інфармацыі пакуль няма, паведамляе @MAYDAYMog.
У Мазыры затрымалі актывіста Арцёма Савіцкага
У Мазыры 6 ліпеня затрымалі мясцовага актывіста Арцёма Савіцкага — сілавікі знайшлі яго ў вёсцы, куды ён прыехаў у гаспадарчых справах, паведамляюць праваабаронцы.
Супрацоўнікі ГУБАЗіКу адвезьлі Савіцкага ў горад, дзе па месцы ягонага жыхарства правялі ператрус у крымінальнай справе.
Гэта ня першы ператрус у Савіцкага за апошні час. Летась 20 студзеня ў Мазыры ў межах праверкі ў крымінальнай справе ў Арцёма міліцыянты забралі, сярод іншага, і флэш-карту ад фотаапарата.
На ёй яны знайшлі некалькі здымкаў, дзе група людзей сфатаграфаваная ў лесе ў заказьніку «Мазырскія яры» зь бел-чырвона-белым сьцягам, а таксама плякатам з надпісам «Жыве Беларусь!». Гэта сілавікі расцанілі як пікетаваньне, і ўсім удзельнікам акцыі пазьней прысудзілі адміністрацыйныя штрафы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 6 ліпеня: Крымінальная справа за камэнтар у сацсетках: «Бродячий цирк русского победобесия»Дзяніса Граханава, якога ў лютым на «хіміі» затрымаў КДБ, асудзілі ў новай крымінальнай справе
У судзе Савецкага раёну Гомля 5 ліпеня разглядзелі крымінальную справу 44-гадовага палітвязьня Дзяніса Граханава, асуджанага раней на паўтара года «хіміі» за надпіс «Не забудзем» каля станцыі мэтро «Пушкінская» ў Менску.
15 лютага Дзяніса затрымаў КДБ проста ў папраўчай установе № 45 пад Камянцом.
Пазьней палітвязьню выставілі абвінавачаньне паводле арт. 368 Крымінальнага кодэксу (абраза Лукашэнкі). Пяць месяцаў да суду яго ўтрымлівалі ў гомельскім СІЗА. Па хадайніцтве пракурора суд амаль адразу зрабілі закрытым.
Судзьдзя Вольга Церахава канчаткова прызначыла Граханаву па сукупнасьці прысудаў з улікам раней неадбытага пакараньня адзін год і сем месяцаў зьняволеньня, піша «Вясна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 22 чэрвеня: на «хатнюю хімію» асудзілі жанчыну, якая заблякавала рух міліцыянтам дзіцячым вазкомЗа рэпост камэдыйных відэаролікаў з выявай Лукашэнкі жыхара Баранавічаў асудзілі на 2 гады калёніі
Суд Баранавіцкага раёну і Баранавічаў 7 ліпеня вынес прысуд Ігару Фалейчыку, абвінавачанаму ў абразе прэзыдэнта Беларусі (ч. 1. арт. 368 Крымінальнага кодэксу).
Ігара Фалейчыка 14 красавіка выклікалі ў падатковую інспэкцыю, дзе яго ўжо чакалі супрацоўнікі міліцыі, паведамляюць праваабаронцы. Затрымалі мужчыну спачатку па адміністрацыйнай справе нібыта за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі, а з 17 красавіка па крымінальнай справе, і зьмясьцілі да суду пад варту.
Па матэрыялах абвінавачваньня, Фалейчык 23 сакавіка 2022 году, пасьля прагляду ў TikTok відэаролікаў з кінафільмаў «Іван Васільевіч мяняе прафэсію» і «Апэрацыя Ы...», скапіяваў іх і выклаў для агульнага і адкрытага прагляду на сваёй старонцы «сторыз» у Інстаграм. На відэароліках была разьмешчаная выява Аляксандра Лукашэнкі. Такім жа чынам Фалейчык разьмясьціў відэафрагмэнт з выявай сьмецьцявоза і Лукашэнкі.
Паводле дзяржабвінавачваньня, сваімі дзеяньнямі падсудны «публічна зьняважыў прэзыдэнта, прынізіў ягоны гонар і годнасьць».
У выніку судзьдзя Ірына Паўлоўская пакарала Ігара Фалейчыка пазбаўленьнем волі ў калёніі агульнага рэжыму тэрмінам на два гады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 20 чэрвеня: 1,5 года калёніі за слова «ўзурпатар», затрыманьне адміністратаркі чату, папаўненьне сьпісу «тэрарыстаў»