Цэны на нафту ўпершыню з канца красавіка апусьціліся ніжэй за 100 даляраў за барэль

Плякат на дэманстрацыі ў падтрымку Ўкраіны з патрабаваньнем не закупляць газ і нафту ў Расеі

Такое рэзкае падзеньне цэнаў экспэрты тлумачаць павелічэньнем імавернасьці рэцэсіі і падзеньнем попыту на паліва.

Цана нафты маркі Brent 6 ліпеня ўпала на 3% да 99,61 даляра за барэль. Здабытая ў ЗША нафта каштавала 98 даляраў 53 цэнты. Месяц таму давалі 120 даляраў за барэль.

The New York Times спасылаецца на аналітыкаў, якія прагназуюць далейшае падзеньне цэнаў на нафту, калі чаканьні эканамічнага спаду ў ЗША спраўдзяцца. Цэны на нафту будуць вызначацца двума фактарамі: сур’ёзнасьцю рэцэсіі і попытам на энэрганосьбіты ў Кітаі, дзе эканамічная актыўнасьць стрымліваецца абмежаваньнямі, уведзенымі для барацьбы з пандэміяй каранавірусу.

Паводле агенцтва Bloomberg, ЗША працягваюць абмяркоўваць з саюзьнікамі ідэю ўвядзеньня цэнавых абмежаваньняў на імпартаваную расейскую нафту — ад 40 да 60 даляраў за барэль. Мэта — рэзка абмежаваць даходы ад экспарту Расеі, захаваўшы пры гэтым доступ сусьветных спажыўцоў да расейскай нафты.

Адмова шэрагу заходніх краінаў імпартаваць нафту з Расеі прывяла да рэзкага росту расейскага экспарту ў Індыю і Кітай, якія купляюць расейскую нафту зь вялікімі зьніжкамі. ЗША спадзяюцца, што новыя прапановы будуць дастаткова прывабнымі, каб Пэкін і Дэлі далучыліся да новага імпартнага рэжыму.

Калі новыя правілы могуць набыць моц, невядома. На шляху да іх рэалізацыі яшчэ шмат перашкод, адзначаюць суразмоўцы Bloomberg.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея на месяц спыніла транзыт нафты праз Казахстан нібыта за «экалягічныя парушэньні»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэры G7 прапануюць увесьці «столь» цаны на расейскую нафту